Старонка:На паняволеных гонях (1928).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён зьяўляецца мне сьветлай хмаркай.
Я сьпяшу прытуліць той прывід,
Але-ж гора: ён чэзьне так шпарка,
І ізноў сумам сьвет апавіт.
Знаць, забілі жыцьцё веснавое.
Што ім мукі батрачкі якой!
Я-ж, сыночку, ня мсьціла за двое, —
Ня ўбівала мазольнай рукой.

VI

На чужым, на панскім полі
Працавала, як мурашка;
Без надзеі, без патолі.
Трэба жыць, хоць трудна, цяжка.
Ад цярпеньня ды ад гора
Лік днём, месяцам згубіла.
А як часам сьцісьне змора,
Дык я сьмертухны прасіла.
І ня думала ніколі
Ў гэтай нэндзы, паняверцы,
Што й мяне чакая воля;
Што к жыцьцю заб‘ецца сэрца.
Раз на двор з стральбой напалі
З помстай пану хлопцы з вёскі.
Ну і білі-ж, рабавалі,
Не шкадуючы ні трошкі.
Згінуў пан-бы ў страшных муках
І дабро-б яго спылала,
Каб я ў гэтых стуках-груках
Поліцэйскіх не пазвала.