Старонка:На паняволеных гонях (1928).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПРАБУДЖЭНЬНЕ.

Вецер у сьцяну ночы злой задрагаў.
Вецер зьдзмухануў пыл начны са сцягаў.
Певень запяяў. Дзень сабраў ўсе росы.
Гук загаманіў гудам шматгалосым.

Выклікала з пушч сонца залатое
На абшары ніў вечна маладое,
Чырваньню яно зацьвіло яскрава —
Хто праснуўся, тым барацьба і слава.