Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

з аднаго кута ў другі, а ня то і зусім выкідаюць яго з пасады:

Пан лясьнічы разважае:
— „Мне чалавек там добры трэба,
А ня гультай які, нязграба,
Такі лясьнік…, каторы
Ня будзе спаць п‘яны ў разоры“, —

і перакідае Міхала з аднаго месца ў другое, ні колькі не шкадуючы працы, якая ўложана лясьніковай сямейкай у зямлю. І Міхалу прыходзіцца перабірацца, бо справа тут проста:

Ня будзеш ты з лясьнічым спорыць,
Рабі, вось, тое, што гаворыць,
А не — йдзі вон…

Паны ня толькі не каштуюць дабрабыту свайго хлопа, але зьневажаюць яго асобу.

Сядзяць паны, як страхі тыя,
А міны важныя такія.
Ўсе няпрыступны і ўсе горды,
Рашучы погляды і цьвёрды,
А ў кожным слове, ў кожным руху
Відна зьнявага да „пся-юху“.
„Пся-юхі“ ім усяк слугуюць… (XXIII р., 198 стар.).
Паны ў калясцы пад‘яжджаюць…
І пан Абрыцкі з лясьнікамі
Скланілісь нізка прад панамі.
Паны чуць-чуць адно зірнулі,
На іх увагі не зьвярнулі,
Як-бы ня людзі то стаялі. (196 стар.)

Дакладна, для пана хлоп — не чалавек, а рэч вырабчага ўжытку, рэч, якую ён эксплёатуе ў мэтах захаваньня свайго дабрабыту. І колькі-б хлоп ні стараўся, у яго няма надзеі выслужыцца ў пана.

Ці надта выслужыўся ў пана
Усё роўна знойдзецца загана,
Як ты ні падай, ні гасай,
Не пападзеш у пана ў рай
З сваёй патрэбай, інтарэсам… (II р., 17 стар.).