Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тыкі: каб павялічыць вартасьць сваёй крытыкі, вылівае ў пачатку рэцэнзіі памыі на ранейшых крытыкаў! Прыём застарэлы і няварты насьледаваньня!

А вось-жа сам т. Лёсік бяз сур‘ёзнай рацыі кажа, што ў „Бядулі, як у поэты, часта (курсіў мой, М. Б.) ужываюцца словы ў неналежным значэньні“. З гэтай заўвагі выходзіць, што, наогул у нашай поэзіі словы часта ўжываюцца ў неналежным значэньні. Ці ўгрунтавана гэта галаслоўнае дапушчэньне? Яно выказана без абы-якіх угрунтаваньняў. З аднакавай рацыяй можна казаць, што ў Бядулі, як і ў іншых поэтаў, словы ўжываюцца ў неналежным значэньні не часьцей, чымся ў самаго рэцэнзанта.

Суб‘ектыўна і пры тым ненавукова, без знаёмства з адпаведнай слаўнікарскай літаратурай і прынцыпамі слоўнікавай працы, т. Лёсік пярэчыць занясеньню ў беларуска-рускі слоўнік слоў пэўнай катэгорыі, тых слоў, што зазвычай называюцца брыдкімі словамі. Відаць, што крытыку невядомы словы вядомага расійскага слаўнікара Ўл. Даля: „Словарник не узаконитель, а раб языка: что есть, он обязан собрать и не может выкидывать то, что ему не нравится“ (В. Даль, „Искажение русского языка“) Пэўна, што гэтых слоў Даля ня ведае т. Лёсік, а калі-б ён ведаў іх, дык ня пісаў-бы так катэгорычна, як ім напісана ў рэцэнзіі аб „неабходнасьці раз назаўсёды выясьніць і зьліквідаваць адну недарэчнасьць, якая нязьменна паўтараецца ва ўсіх нашых слоўніках, што складалі сумесна з М. Байковым“; з другога боку, прыродная далікатнасьць і тактоўнасьць не дапушчалі-б рэцэнзэнту абвінавачваць апошняга аўтара ў прыхільнасьці да падобных слоў. Каго і да чаго абавязвае рэгістрацыя такіх слоў? Нікога і ні да чога! Аўтарамі слоўнікаў рэгіструюцца толькі факты, фэномэны мовы.