Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДА ПЫТАНЬНЯ АБ ЧУЖАЗЕМНЫХ СЛОВАХ У НАШАЙ МОВЕ.

I.

Сваё і чужое або аб разважаньнях т. Шульмана.

У вапошнім за 1926 г. № 8Полымя“ т. Шульман ў сваім артыкуле „Аб агульных элемэнтах у беларускай і яўрэйскай мовах“ закрануў вельмі цікавае пытаньне аб чужаземных словах у нашай мове. Тутака ён зачапіў і мяне, як аўтара „Практычнага расійска-беларускага слоўніка“, — і гэта дае мне повад выказацца аб высунутым пытаньні, тым больш, што, гэтае пытаньне і дасюль нельга лічыць разьвязаным і нават больш-менш высьветленым.

Па сутнасьці, пытаньне, закранутае т. Шульманам, ёсьць наступнае: наколькі чужаземныя словы, што атрымалі значэньне інтэрнацыянальных навуковых тэрмінаў, падлягаюць замене нашымі, беларускімі словамі.

Разглядаючы гэтае пытаньне, т. Шульман піша:

„Зразумела, што няма ніякага сэнсу ўжываць чужаземныя словы, калі ў жывой народнай гутарцы знаходзяцца адпаведныя самабытныя словы. Але нельга лічыць правільным імкненьне ва ўсіх выпадках абавязкова ствараць новыя словы замест выкарыстоўваньня чужаземных слоў, што маюць інтэрнацыянальны характар. А такія тэндэнцыі ёсьць. Цікава, напрыклад, што тэрмін „перпендикуляр“ пабеларуску перакладзены „простастаўнік“.