Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Ці ты мне ня сын? ці я ня бацька твой? Здаецца, ня надта чужыя»…

Але хутка стрункі асобнай жальбы ўласнай на душы яго лопнулі й растаялі, бо ён успомніў, што сын прасіў, каб яму пісаць аб усім, што тут робіцца ў іх на вёсцы, і дзед увайшоў у звычайны лад жыцьця, дзе разам з сьлязьлівым тонам вырываецца, нібы зара бліскучая, і шчыры сьмех. Эт, глупства! Махнуў ён рукой, «а калі стары Арцём лепей жыве; эт! — не кажы «гоп», пакуль не пераскок! — А Мікіцёнак учора каня купіў у Даўгінаве, але храмы, падла, усунуў сорак рублёў чорту лысаму, абадралі, як Сідараву казу. Тадора сёлета памёрла. Сёмка Халімона Бурага на вечарынцы гэтак галаву пабіў, што праз тры дні паехаў да Абрама на піва; і бацька яго гэткі быў: які чорт Хомка — такая яго жонка… А я ўжо гарэлкі не каштаваў чуць ня тры гады. Ніхто мяне не частуе: дзіця ня плача, матка не дагадаецца, казаў той.» — Пішы, Андрэйка, пішы! «Ніхто старога не шкадуе: здаецца, хлебануў-бы чарачку, як расу сьвежую, і разьмяклі-бы мае костачкі старыя, кроў пацяплела-б… і ўлетку ў кажусе цягаюся, бо мне холадна, а кажух ужо згніў на маіх плячох, як гэта кажуць: ня купіў бацька шапку — няхай вушы мерзнуць».

Навіны сыпаліся з вуснаў дзеда, як пацеркі з парванай ніткі, пятае цераз дзесятае. «А наш Жучка ўжо — гэтак, як калісьці, ня брэша — нейкую хрыпку дастаў. Мінуліся тыя рокі, калі паны браліся ў бокі, казаў той».

— Пішы, дзетка, пішы! — «Галагуцкі певень доўга хварэў, але ткі жывець на радасьць; як гэта кажуць: як шанцуе, тады Халімон танцуе… Ад мудрасьці сваёй дзед павесялеў і ўвайшоў у свой стос.

«А Наста выдала замуж Марылю за Мурзатага Максіма мо’ памятаеш таго хлапца, каторы заўсёды разявіўшыся хадзіў; як сабака, што мух ловіць?»

— Го-го-го! — засьмяяўся дзед, і неяк весела зрабілася яму. — «Думаеш цяперашнія гэта, як даўней жывуць, ім усё падавай разам: калі напёрла жаніцца, дык хоць ён яшчэ смаркаты, але сваё робіць. Як гэта кажуць: кожны кеп сваім строем. Цяперашні чалавек, казаў той, хоць ты яго мёдам маж, а ён чорт ведае чым пахне», скрытыкаваў дзед агульна дваццаты век.

— Пішы, Андрэйка, пішы. «Няхай і мая кватэрка будзе, казаў той… і Мацеева жонка, гэта жаба карэлая, сёлета заха…» Аде тут дзед раптам змоўк, бо лучына пагасла.

— Андрэй! Андрэй! Куды сернікі палажыў? — А каб ты скіс, галапуп!

— Га!? — усхапіўся Андрэйка абаранкаў купіш мне на капейку?

— Куплю, куплю, каласочак мой, а як-жа гэта кажуць: узяўшыся за гуж — не кажы, што ня дуж!