Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адам, жыве ў Амэрыцы. Гоніць, як сабаку з хаты… есьці не даець… б’ець часамі…

— Пішы, каласок ты мой, пішы! — кажа ён да Андрэйкі.

„Сынок ты мой родненькі, ці я табе ня бацька? Ці я не будаваў гэту хату? Ці я не гаспадарыў тут? Яшчэ во’ якія мазалі на руках маіх… Як гэта кажуць: „жыд добры і рахунак добры, а грошы — як ня было, так і няма“… Дзед падыймае рукі ўверх, якбы каму паказвае мазалі свае. Голас яго дрыжыць і слабее. Андрэйка, прыхіліўся да стала й цяжка сапіць, выводзячы буйныя, нязграбныя літары.

Дзед папраўляе лучыну й далей гаворыць: «Адам, сынок ты мой! скажы, за што такую старасьць паганую маю? За што гэткая кара? Як гэта кажуць: б’юць і плакаць не даюць… і чаму?»

Дзед робіцца гнеўным за гэту незаслужаную крыўду, яго вочы пазіраюць кудысьці ў даль, чакаючы адказу на слова, „чаму?“ І ён зноў пачынае: «Учора Аўдоця, жонка твая, гадзіна, пачала, казаў той»…

— Пачакай! — крычыць Андрэйка, — я яшчэ там ня скончыў пісаць тое!..

Дзед асадзіўся назад, як гарачы закелзаны конь, каторага паціснулі за лейцы ў другі бок.

— А што ты там, каласок ты мой, напісаў — пытаўся ён: — дай паслухаем і патыліцу пачухаем.

— „Ці я табе ня бацька“… чытае памалу Андрэйка. — Як далей, дзядок, ты казаў?

Але дзед ужо забыўся, што раней дыктаваў, а тут яму хочацца выгаварыцца, выліць тое, што накіпела на душы. Ён чуе, што мусіць гэта рабіць, хоць перад кім-небудзь, тады можа палягчэе…

— Ага! ага! — пачынае ён далей — во, за язык як-бы хто пацягнуў, дзяры лыкі, калі дзяруцца: «А ўчора нявестка гэтак піргнула мяне ад стала, ажно старыя костачкі мае чуць не рассыпаліся… Яна называла мяне гультаём… як гэта кажуць, быў конь ды зьезьдзіўся. А тапчан гэты я майстраваў, а стол гэты хто рабіў, калі ня я?… куды ня кінь — усё клін». — Дзед доўга кашляў. — „Што мне рабіць? торбу надзець і пайсьці жабраваць хіба, дык не — па Юрку шапка, казаў той… Ой, жыцьцё ты маё! А як-бы наўмысьне во жыву… Ты на гару, а чорт за нагу… Чаму ты, божухна, сьмерць — збавіцельку мне ня шлеш? Калі топішся, то за брытву хопішся, казаў той“…

Дзед зноў закашляў…

Якую долю чалавек хоча. Гэта-ж баламуцтва прасіць гібель…

З яго мутных вачэй пасыпаліся сьлёзы, як боб…

Дзеду, пачуўшы сьлёзы на сваім высахшым твары, зрабілася вельмі жаласна і ён заплакаў ціха, глухім голасам і мямліў бяззубым ротам, як-бы хлёбнуўшы гарачай вады…

Гэтак прайшло колькі хвіль і дзеду палягчэла, як-бы тое цьвёрдае й калючае, што стаяла, ражаном папярок у горле, пай-