Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гадаўка! гадаўка!! гадаўка!!!

Адна адну проста заклінае гэтымі брыдкімі словамі. Але болей ім слоў ужо не хапае, і яны ад слоў пераходзяць да рук:

— Во!

— На!

І дзьве фігі, як дубовыя сукі, выходзяць на сцэну. Фіга Сымоніхі пападае проста ў нос Лявонісе, а фіга Лявоніхі — акурат у нос Сымонісе. Але не ад фігаў пачалася і ня фігамі канчаецца гэта гісторыя. Пачынаецца новая праца звычайнымі кулакамі, потым парканікамі, потым пачынаюць качаць адна адну па зямлі й рваць за доўгія валасы. Ды ёсьць у іх розныя спосабы калатні — усіх і не пералічыш адразу.

На крыкі й ляманты зьбягаецца ўся вёска. А Сымон з Лявонам стаяць каля сваіх хат ды толькі сьмяюцца, Вось гэты сьмех памагае разьюшаным бабам, як халодная вада. Пачуўшы сьмех сваіх мужыкоў, яны перарываюць калатню, ускакваюць з зямлі, і кожная злосна кідаецца на свайго мужа за тое, што гад ня толькі не памагае ў гэткай бядзе, каб выйсьці з гонарам, ды яшчэ сьмяецца з сваёй пакрыўджанай жонкі.

Пасьля гэтага, суседкі цэлы дзень, кожная на сваім двары крычыць другой такія словы й вытварае такія штукі, якіх людзі добрыя ня ведаюць і сьвет божы ня бачыў…

Пасьля гэтага пару дзён суседкі зусім ня цікавяцца адна аднэй — ня прыслухоўваюцца і ў вокна не паглядаюць.

А ў нядзелю йдуць разам на кірмаш, як ні ў чым ня бывала, і дружба ў іх яшчэ болей павялічваецца.

Пасьля кірмашу пачынаецца ў іх уся гісторыя з самага пачатку, перайначаная на новы лад — дзе дабаўляецца, дзе адбаўляецца — сьвяжуткая, навюханькая гісторыя, як-бы толькі радзілася яна на сьвет божы.

Гэтак ідзе тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, год за годам, акуратна, як па загаду звышку.

І трэба прызнацца, што Сымоніха з Лявоніхай маюць вялікі спрыт прыдумваць на кожны раз новыя прычыны, за што цалавацца й за што біцца, робячы гэтым прыемнасьць і самім сабе і добрым людзям

Менск, 1920 г.