Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як у бібліі.

Ехаў Сымон з кірмашу да хаты й раптам — стоп машына: кабыла занаравілася, ня йдзе ды й годзе! Часам яна рабілася ў яго вельмі капрызнай і бяз меры ўпартай. Сымон пачаў яе ўгаварваць добрымі, лагоднымі словамі — і так, і гэтак (на словы ён быў вялікі майстар), а яна хоць-бы што, ані з месца. Як-бы не да яе гавораць.

— Добра, — кажа, Сымон, — ведаю я тваю хваробу, ведаю лякарства!

І Сымон, доўга ня думаючы, зьлез з калёс, падыйшоў да плоту, выламаў парканіну, вярнуўся да воза, й пачаў біць сваю кабылу. Так шчыра й моцна біў яе, што аж сам змарыўся. А чым болей біў яе, тым болей яшчэ біць хацелася. Ён чуў ў гэтым нейкі асобны смак і вялікае ўздаволеньне. Тут ён спаганяў злосьць за гаротнае жыцьцё сваё.

Кабыле ён плаціў за крыўды, што меў і ад жонкі благой, і ад пана ганебнага, і ад суседзяў-хціўцаў, і ад сьвету ўсяго. Усё стаяла перад яго вачыма жывёханька. А ён толькі скрагатаў зубамі й махаў парканінай над крыжам няшчаснай кабылы з такім імпэтам, што аж гудзела й сьвістала ў паветры, як ад віхру чартоўскага.

А кабыла ад такой кары яшчэ болей зафанабэрылася, яшчэ болей узбунтавалася ды яшчэ болей забрыкала заднімі нагамі. А бунт, сваім чынам, мае вялікую сілу — чым болей бунтуешся, тым яшчэ болей бунтаваць хочацца; ды калі яшчэ за гэта б’юць, тады бунт — адно толькі збавеньне і ўцеха. Хочацца, каб цябе білі, дзеля таго толькі, каб бунтавацца, бунтавацца без канца й меры — хай лопаюцца, хай трэскаюцца.

Аднак, урэшце, кабыла ня выцярпела й голасам чалавечым загаварыла, як калісьці асьліха Валаама. Дык тут камень загаварыў-бы — ня толькі жывёліна.

— За што ты мяне б’еш, за што? — пачала кабыла, — добры з цябе гаспадар! Ці не надрывалася я ў цябе пад самымі цяжкімі вазамі? Ці ня я заворвала ў цябе твой камяністы шнур? Ці ня ты на мне езьдзіў з кірмашу ўстром галавой, ліхі, як чорт і п’яны, як сьвіньня? Ці ня я выстайвала цэлымі гадзінамі, га-