Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А па начох сьняцца ёй дзіўныя сны.

Ці разумеець Юлька шчасьце сваё?--хіба не. Хутчэй яна разумеець сваё гора, калі які-колечы дзіцячы капрыз не выпаўняецца.

І хочацца ёй быць вялікай, як бабка. Пачынае яна з лічбаў — з матэматыкі:

— Раз! два! тры! — лічыць яна па пальцах і задумваецца.

— Раз! два! тры! пяць! дваццаць! сто! — ажно ў пот яе кідае. Але далей ня йдзець. Хоць матэматыка ёсьць грунтам усяму на сьвеце, але Юлька яшчэ на гэтым «грунце» слаба трымаецца.

Ды ці ня можна жыць бяз гэтых нудных цыфраў? І Юлька досіць весела жыве бяз іх. Назьбірае кветак — васількоў. Разложыць іх на камені. Адна кветка — мамка, другая — бацька, трэцяя — бабка, чацьвёртая — цюцька. З камень — хата. І пачынаецца, будняя аповесьць чалавечага жыцьця: кветкі гаспадараць на камені, аж люба глянуць.

У печы топіцца. Маці аладкі пячэ. Бабка кароўку доіць. Тата хамут ладзіць. Цюцька брэша. Словам, цэлая катавасія. А Юлька мае работы па горла — за ўсіх гаварыць, за ўсіх работу рабіць і зухавацца. Канчаецца гэта звычайна катастрофай — хатка-камень ляціць у рэчку, а людзі-кветкі топчуцца нагамі. Толькі Юлька ня плача над руінамі. Яна, як сам бог-гасподзь. Зруйнавала адзін сьвет, і з хаосу творыць другі.

Яна, Юлька, — маці. Пры ёй дачушка, — лялечка. І нянчыць, і песьціць, і галубіць Юлька дзіця сваё роднае, але, як прыкладная, добрая маці, часам розгай сьцёбае яе й пры гэтым прыгаварвае:

— А ня рві маку! А ня пэцкай спадніцы! А слухай, што матка табе кажа, ты, такая й сякая!

Словам, малюе жыцьцё, як мастак, як паэт у час натхнёнай творчасьці сваёй.

— Хто пякней, — пытаюцца ў Юлькі — ты ці мамка?

Юлька думае.

І мамку яна крыўдзіць ня хоча, але ўжо сама — маленькая кабета й мае свой форс і гонар:

— Я пякней! — кажа яна цьвёрда.

— Ах ты, нягоднідца! — нібы-то злуецца мама.

— Хто пякней, ты ці лялька?

Доўга думае Юлька.

Барацьба кіпіць і расьцець у яе маленькай душы. Але матчына сэрца гатова ўсім ахвераваць дзеля любага дзіцяці свайго, а Юлька, як-ніяк, хоць ёй яшчэ толькі пяць гадоў, а ўсё-ж такі маці, бо дачку-ляльку мае.

— Лялька пякней! — кажа яна ўрэшце…

Аказваецца, што душа яе вялікая: пачуцьцё маткі ўзгадавана ў яе сэрцы й душы крывёй і малаком ранейшай маткі.

У Юлькі малчына самаахвярнасьць жыве поўным жыцьцём,