Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Назолу прыслаў бог на маю галованьку бедную! — заламала рукі Мікіціха.

Разьняслася чутка па ўсёй вёсцы, што вельмі дзіўна размаляваў Сьцяпанка Пяцькун вялікодныя яйкі. Людзі прыходзілі глядзець, пазнавалі на яйках нябошчыка Мікіту й дзівіліся.

Пайшла казка па ўсёй ваколіцы аб той фарбе, якой Сьцяпанка яйкі размаляваў. байка вырасла ў цуд. Апавядалі бабы вясковыя адна аднэй, быццам хлопчык, каб дастаць чырвоную фарбу, адрэзаў сабе руку, упусьціў кроў ў начоўкі, а пасьля ўзяў палец адрэзанай рукі й намаляваў вялікодныя яйкі.

Не абышлося тут і без нячыстай сілы. І людзі з нейкай трывогай пачалі гаварыць пра Сьцяпанку.

— Гэта — антыхрыст! — казалі адны з разумнікаў вясковых.

— Гэта — сьвяты, гэта — богамаз! — казалі другія.

Тымчасам чутка аб дзіўных вялікодных яйках дайшла й да братоў-студэнтаў з блізкай вёскі.

Студэнты зацікавіліся й так сама прышлі паглядзець.

Доўга разглядалі яны сьцены, размалёваныя вугольлямі й шапталіся паміж сабой. Малюнкі на сьценах ім яшчэ больш падабаліся, чымся малюнкі на яйках.

Пры гэтым Мікіціха з жалем расказала ім, як Сьцяпанка яе замучыў сваімі малюнкамі й які ён нікчэмны хлапец.

Сьцяпанка Пяцькун стаяў, як вінаваты, з апушчанай галоўкай.

Студэнты забралі хлопчыка з сабой і падарылі яму прыгожую скрыначку з рознымі фарбамі. Яны абяцалі яго вучыць і ў горад забраць, кажучы пры гэтым, што з яго выйдзе вялікі чалавек.

Бяз конца радасны вярнуўся Сьцяпанка да хаты і ўвесь час думаў, якая можа быць карысьць ад „вялікага чалавека“. І ўспомніў ён, што ў вёсцы ў іх быў калісьці вельмі вялікі чалавек, вышэй ростам ад усіх у вёсцы, рыбалоў Міхась. Але той быў яшчэ большы п‘яніца й задзёра, і ніхто яго ня любіў.

Не спадабалася Сьцяпанку быць «вялікім чадавекам» — доля Міхася-рыбалова яго ня вабіла.

— Лепей буду маленькім, — думаў ён, — але каб паехаць у горад вучыцца.

Дзіўныя бываюць ў дзяцей лёгіка й разуменьне.

Вярнуўся хлопчык да хаты, і маці ў яго спыталася, што панічы яму гаварылі.

Сьцяпанка спачатку сароміўся, а потым казаў, што панічы гаварылі, нібы ён будзе некалі вялікім чалавекам.

Эх, эх! — засьмяялася Мікіціха, — навіну казалі разумнікі канапляныя! А я табе скажу, што калі будзеш займацца, цацкамі, дык не дарасьцеш да вялікага чалавека й ня будзеш гаспадаром, бо з голаду памрэш! А пакуль што йдзі есьці, мой «вялікі чалавек», бо ўжо другі дзень, як ня бачыла — ці еў ты што-колечы, ці не…