Перайсці да зместу

Старонка:На залатым пакосе (1927).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Была восень у роднай краіне,
Гаварыла мне шчырасьць ня раз,
Гэту песьню халодную кінуць
І квітнець, расквітаць, не згараць.

Так, я верыў ёй ціха й пакорна,
Я шукаў новых радасных слоў
І пановаму рытмам задорным
Маладое жыцьцё расьцьвіло.

Тыя дні я прыпомніў з пагрозай…
Хтосьці крыкнуў глыбока ў душу,
Што на бруднай асеньняй дарозе
Аб маім самагубстве пачуў.

Абляталі й згаралі пялёсткі
Чорным дымам халоднай пары
І крывёю на грудзі бярозак
Прыпадаў сьветлы золак зары.