Перайсці да зместу

Старонка:На дарозе да новага жыцьця (1912).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мёртвым зумысьля, каб, ашукаўшы сваіх ворагаў, перэхаваць лягчэй жывую и чыстую душу да лепшых часоў. А як настане дзень васкрэсеньня, з бязмерной сілай ідзе народ тварыць новае жыцьцё, нясучы ўсе скарбы національнай душы ў дар чэлавечэству.

Гэта, — вялікая гістарычная праўда, і мінулае сталецьце дало асабліва многа прыкладаў васкрэсеньня цэлых народаў. Усе такіе факты крэпка ўмацовываюць і нашу веру ў поступ національнаго адраджэньня беларускаго народу.

Мы называем беларускі національны рух адраджэньнем, але можна гаварыць аб адраджэньні, ўваскрэсеньні толькі таго, што ўжо калісь нарадзілася, жыло і замёрла. У гісторыі беларусаў, як націі, мы, бачым усе тры гэтые момэнты.

Беларуская нація злажылася болей-меней у пачатку нашаго тысячалецьця. Яе стварылі, зліўшыся ў вадно колькі дужа блізкіх між сабой славянскіх племён — крывічы, радзімічы, дрэговічы і др., каторые належалі да группы заходне-рускіх племён. У часі між XII—XIV сталецьцямі беларусы — ці то з добрай, ці злой волі — згуртаваліся пад ўласьцю Літоўскаго гасударства і занялі ў ім па сваему ліку першае мейсцэ. Тады пачалася энэргічная работа над збудаваньнем сваёй цывілізаціі, і ў XIV, XV і XVI ст. беларуская цывілізація дайшла ўжо до такой вышыні развіцьця, што літвіны — народ праве чужы славянам — прынялі яе цэлком. Беларуская мова ў тым часі зрабілася літературнай і урадовай мовай на ўсіх беларуска-літоўскіх землях, аб чым сьведчаць нялічные пісаные і друкаваные памятнікі — судовые дакументы, урадовые бумагі, пісьмы, кнігі духоўные і навуковые, законы і т. д. Між памятнікамі даўнейшаго беларускаго пісьменства асаблівую увагу звертае на сябе зборнік законаў Вялікаго Княжства Літоўскаго — «Літоўскі Статут», перш пісаны, а пасьля двойчы друкаваны па беларуску. Гэта — найлепшы сьведка высокаго культурнаго развіцьця тагочаснаго беларускаго грамадзянства: ад яго літвіны ўзялі нават юрыдычные нормы. Але далейшае