Перайсці да зместу

Старонка:На Полацкім Замчышчы (1928).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Унізу ціха журчэлі срабрыстыя хвалі Дзьвіны і нясьлі к Полацку прыгожа ўбраныя стругі з чужаземнымі гасьцямі і рознымі таварамі…

А над усім местам высіўся на крутой гары, абросшай густым драмучым борам, магутны замак Рагвалода… Бурнае жыцьцё тады кіпела ў замку…

Седаўласыя баяны пад звонкія струны ліры сьпявалі ў час бясёдаў аб бойках, аб слаўных патугах нашых продкаў. Але мінуў час… Навісьлі хмары… Пагасла слава Полацку… Няма ўжо тых харобрых князёў і іх дружын, што сваймі шаломамі змагаліся за вольнасьць, за славу, за шчасьце Бацькаўшчыны… Цяжкае, гаротнае мінулае спавіло нашу старонку горам і пакутаю. Над Беларусью вісьне народная скарга на сваю цяжкую долю, вісьне ліхі смутак… (уздыхаець). Замярло жыцьцё і ў замку, пачаў ён абрастаць мохам, груганы зьляталіся на завываньне буйных вятроў…

Толькі ціхая, родная Дзьвіна захавала тайну мінулых дзён замку… Ды ў поўнач, калі сьветлы месяц глядзіць поўным вокам на ціхую даліну зямлі, зьбіраюцца каля высокіх мураў замку русалкі, пяюць, гагочуць, і сам чорны выходзіць па начам з падзямельля абараняць свае залатыя скарбы, каб ніхто да іх не дакрануўся. А часамі ў сьцянох замку раздаюцца цяжкія нудныя стогны, якія завуць на дапамогу…

Гэта стогне і плача князеўна Прадслава, якую пракляла злая мачаха і якая згінула на векі ў цёмнае падзямельле. Прадслаўна заклікае к сабе асілака вывесьці яе з цёмных мураў на Божы сьвет… І знайшоўся такі харобры, малады і прыгожы Крывічанскі князь Усяслаў, які вывяў на волю маладую князеўну. Шмат яму сустракалася перашкод: напушчалі русалкі на яго свае чары, ведзьмы шыпелі і круціліся, як змеі наўкол яго, чорны ні падпушчаў яго к сваім паграбам… Але ўсё князь-чарадзей перамог…

Выйшла ахоплена шчасьцем з цёмных паграбоў князеўна Прадслава і прадракла роднаму краю вялікае адраджэньне і славу ў будучыне… (Пры гэтым дзед ўздыхаець, устае, складае рукі і, гледзячы на неба, заканчываець сваю прамову славамі) „Бог наймагутны, усіх моцных дужэйшы (ўсе ўнукі ўстаюць са сваіх мейсцаў і становяцца як на малітву). Дапамажы гаротнаму беларускаму народу выйсьці на вольны, сьветлы шлях, выратуй яго ад мук, пашлі яму лепшую долю і шчасьце. (Усе, злажыўшы рукі і падняўшы вочы на неба, як-бы моляцца, слухаючы прамову дзеда). Хай пройдзе сум, хай узойдзе сонейка над нашай старонкай, хай прыйдзе праўда… Падымайся-ж з нізін сакаліна сям‘я… над крыжамі бацькоў, над курганамі…