Перайсці да зместу

Старонка:На Полацкім Замчышчы (1928).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

(прыслухоўваецца). А ўсё нейкі шорах, як чуць, так i чуць… (твар салавее, галава хіліцца уніз). Ох… муцяцца думкі, павекі — як звон… Зьлёг-бы я зараз… Ах, сон ты мой сон… К княжне не дабраўся, хоць многа блудзіў… Засну, адпачыну хоць троху, а потым узноў… (валіцца, як сноп на курган і засыпае).

3-я русалка. (ціха і пластычна подбягаець к кургану і нагінаецца над князем). Ах, прыгожы які…

2-ая русалка. (падбягае і нахіляючыся над князем). Ах, малоды які (прыкладая руку да сэрца) і прыгожы, як квет…

1-ая русалка. (нахіляецца над князем). Укахаюсь у яго, чуець сэрца мае… Як ён люба злажыў ручкі пад галаву…

2-ая русалка. Як снапок, гэтак лёг тут на мох, на траву…

3-я русалка. Сам сябе усяго у клубочак сагнуў, як адпаўшы лісток, як нябошчык заснуў…

Усе тры (разам). Ха-ха-ха, як лісток… Го-го-го, як нябошчык заснуў…

1-ая русалка. Мы навеем яму тут салодкія сны…

Усе тры. (разам пяюць). Гу-ля-ля, гу-та-та, гу-ля-ля… Пакуль сонца зірне, навядзем яму сон аб Прадславе княжне (качаюцца, як галінкі і нагінаюцца над курганам, а потым садзяцца дзьве ў галавах, а адна у нагах). Сьпі, наш міленькі саколік, госьць наш ня званы, ня сланы! Мы над табою, як цені, поля і лесу начніцы (качаююцца, як галіны) гу-ля-ля, гу-та-та… Сьпі, наш міленькі… Нікому гэткага сну не ссылалі… І пра княжну Прадславу нікому мы сьпеў не сьпявалі… Сокалам вольным на сьвеце будзеш ты век векаваці. Сонца асьвеціць коскамі шлях твой i родну краіну..

Гуля-ля, гута-та. Шлях твой і родну краіну… Сьпі, наш міленькі… Далёка неба глухога сьвітанне. Будзе нялёгка, нялёгка, покі дзень новы настане. Мы цябе тутака атулім ласкай сваей і песьнямі. Песьняю лю-лі, ай, лю-лі! Чары і сон наганяя гута-та, гуля-ля, чары і сон наганяя… Сьпі, наш міленькі! Вы сосны, елі, дубы і асіны, кіньце шумець жаласьліва, пойце пра шчасьце часіны… Выгляні месяц беляны, сьветыч ад веку да веку, сьведкаю будзь неабманнай гэтага сну чалавека… (Пад канец песьні крычыць сава, сярод дрэваў паказываюцца бліскучыя вочы ваўка, на дрэве круціцца зьмяя. На сцэне робіцца зусім цёмна і жудасна).

ЗАСЛОНА.