Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Для нас усе гэтыя зьявы, дзякуючы сваёй адкрытай шчырасьці, набылі сваю першабытную прыгажасьць. Больш таго, яны зрабіліся для нас нагэтулькі зразумелымі, што прыемнае выкананьне цэніцца ў такой-жа меры, як скажам, моцна зроблены бліндаж, які не паддаецца знарадам. Нездарма ўзьніклі словы «клёзэтная балбатня», гэтыя мейсцы на вайсковай службе зьяўляюцца куткамі для плётак і замяняюць сабой сталы столік ва ўлюбёным шынку.

Тут мы адчуваем зараз сябе лепш, чым калі-б знаходзіліся ў раскошнай прыбіральні, са сьценкамі з белых кахляй. Там, можа быць, толькі гігіенічна, тут-жа проста добра.

Гэтыя дзівосныя бяздумныя гадзіны! Над намі распасьцёрлася блакітнае неба. На горызонце вісяць ярка асьветленыя жоўтыя назіральныя балёны і белыя воблачкі выбухаў. Зрэдку, прасьледуючы лётніка, яны высока ўзьлятаюць у паветры, як снапы.

Толькі аддаленай навальніцай даносіцца да нас заглушаная здань фронту. Гудзеньне чмялёў, што ляцяць паўз нас, ужо заглушае яе.

А наўкол нас распасьцёрся квітнеючы луг. Калышуцца кволыя вяночкі траў, на іх усаджваюцца капусьніцы, яны пырхаюць пад мяккім, цёплым ветрыкам позьняга лета. Мы чытаем лісты, газэты і курым. Мы здымаем фуражкі і кладзем іх каля сябе. Вецер бавіцца нашымі валасамі, гуляе нашымі словамі і думкамі.

Тры скрыні стаяць сярод агністых, чырвоных палявых макаў.

Мы кладзем донышка з-пад маргарыну на каленкі. Такім чынам у вас ёсьць удалая падстаўка для гульні ў скат, у Кропа заўсёды з сабой карты. Мы гуляем партыю ў «шыбэрамш». Так можна было-б сядзець бясконца.

З бараку да нас даносяцца гукі гармоніку. Зрэдку мы адкладаем карты і глядзім адзін на другога. Тагды хто-небудзь гаворыць: — Эх, хлопцы, хлопцы!.. — або: — магло-б быць і горш. І мы на момант змаўкаем. Ва ўсіх нас жыве адно моцнае адчуваньне, кожны з нас чуе яго, але няма патрэбы ў вялікай колькасьці слоў. Лёгка магло-б здарыцца, што сёньня мы ўжо не сядзелі-б у нашых доміках, мы былі надзвычай блізка ад гэтага. І таму ўсё здаецца новым і моцным — чырвоныя макі і добрая ежа, пацяросы і летні ветрык.

Кроп пытаецца:

— Ці ня бачыў хто-небудзь з вас яшчэ раз Кемэрыха?

— Ён ляжыць у брацтве сьв. Юзэфа, — адказваю я.