Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я ня зусім згодны з ім, бо ад гэтага псуюцца рэчы, а вошы праз дзьве гадзіны зьяўляюцца зноў. Але пасьля таго, як я зноў кідаю погляд на малюнак, я згаджаюся. Я нават іду далей:

— Трэба таксама паспробаваць па чыстай кашулі.

Альбэрт невядома чаму заяўляе:

— Яшчэ лепш-бы дастаць анучы.

— Магчыма і анучы. Пойдзем, паспытаем шчасьця.

Але тут прыцягнуліся Леер і Т’ядэн; яны заўважаюць афішу і адразу-ж наша размова набывае даволі-ткі брудны водцень. Леер у нашай клясе першым меў зносіны з жанчынай. Ён расказваў нам аб гэтым запальваючыя падрабязнасьці. Ён па-свойму захапляецца малюнкам, і Т’ядэн патурае яму.

Мы не адчуваем пры гэтым асаблівай агідлівасьці. Хто не пахабнічае, той не салдат; толькі ў даны момант гэта нам ня зусім падабаецца, таму мы адыходзім убок і накіроўваемся ў ачышчальную камеру з такім пачуцьцём, нібы гэта дзіўны магазын мужчынскіх мод.

Дамы, у якіх мы раскватэраваны, знаходзяцца недалёка ад каналу. На другім баку каналу саджалкі, абсаджаныя таполевымі гайкамі, на тым беразе каналу ёсьць і жанчыны.

У дамох на нашым баку ніхто ня жыве. Але на тым баку дзе-ні-дзе паказваюцца жыхары. Увечары мы купаемся. Усьцяж берагу да нас набліжаюцца жанчыны. Яны ідуць паволі і не адварочваюцца, хоць у нас і няма трусікаў.

Леер крычыць ім нешта. Яны сьмяюцца і спыняюцца, каб паглядзець на нас. Мы кідаем да іх на ламанай францускай мове першыя фразы, якія ўспалі на розум, перашкаджаючы адзін аднаму, сьпяшаючыся, каб яны не пайшлі. Фразы ня вельмі далікатныя, але адкуль нам узяць іншых?

Паміж іх ёсьць танклявая брунэтка. Відаць, як бліскаюць яе зубы, калі яна сьмяецца. У яе шпаркія рухі, а спадніца свабодна ўецца вакол яе ног. І хоць вада халодная, мы ахоплены вясёласьцю і імкнемся іх зацікавіць, каб яны не пайшлі. Мы спрабуем жартаваць, і яны адказваюць нам, але мы нічога не разумеем; мы сьмяемся і падміргваем. Т’ядэн больш разважны. Ён бяжыць дахаты, прыносіць салдацкі хлеб і паднімае яго над галавой.

Гэта дасягае поўнага посьпеху. Яны ківаюць і робяць знакі, каб мы пераправіліся да іх. Але нам гэта не дазволена. Ступаць на той бераг забаронена. Паўсюды на мастох вартавыя. Бяз пропуску ня