Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VII

Нас пасылаюць глыбей, чым звычайна, у тыл, на палявы зборны пункт, дзе нам трэ’ будзе фармавацца. Нашай роце патрэбна папаўненьне — звыш сотні чалавек.

Тымчасам, свабодныя ад службы, мы шлындаемся нічога ня робячы. Праз два дні да нас прыбывае Гімэльштос. З таго часу як ён пабыў у акопах, ён страціў сваю фанабэрлівасьць. Ён прапануе нам памірыцца з ім. Я гатовы, бо бачыў, што ён вынес з поля Гайе Вэстгуса, у якога была разадрана сьпіна. Толькі Т’ядэн недаверлівы і стрыманы.

Але ён пераможаны, калі Гімэльштос паведамляе, што ён будзе замяняць кашавара, які ад’яжджае ў водпуск. У доказ гатага ён зараз-жа дастае для нас два фунты цукру і паўфунта масла спэцыяльна для Т’ядэна. Ён нават патурбаваўся аб тым, каб нас у бліжэйшыя дні прызначылі на кухню для чысткі бульбы і буракоў. Мы атрымліваем ад яго лепшыя афіцэрскія стравы.

Такім чынам, у даны момант мы маем дзьве рэчы, якія складаюць шчасьце салдата: добрую ежу і спакой. Калі падумаць — гэта ня шмат. Гады з два таму назад мы-б з пагардай аднесьліся да іх. Цяпер-жа мы амаль задаволеныя. Да ўсяго прызвычайваешся, нават да акопаў.

Гэтая звычка зьяўляецца прычынай таго, што ўсё хутка забываецца намі. Пазаўчора мы шчэ’ былі пад агнём, сёньня мы гарзуем і шлындаем па вуліцах, заўтра мы зноў накіроўваемея ў акопы. У сапраўднасьці-ж мы нічога не забываем. Да таго часу пакуль нам даводзіцца быць на позыцыі, у дзейнай арміі, дні, якія прайшлі на фронце, пагружаюцца ў нас нібы каменьне, і яны дужа цяжкія, каб можна было зараз задумацца над імі. Калі-б мы зрабілі гэта, яны-б забілі нас — я гэта заўважыў, — жах можна пераносіць, пакуль проста схіляешся перад ім, але забівае, калі пачынаеш пра яго разважаць.

Падобна да таго, як рабіліся мы зьвяр’ём, калі ідзем наперад, бо гэта адзінае, што нас падтрымлівае, так тут на спакоі, мы рабіліся лёгкадумнымі, свавольнікамі і гультаямі. Інакш і немагчыма: гэта пільная патрэба. Мы хочам жыць, чаго-б гэта нам ні каштавала: мы ня можам абцяжарваць сябе пачуцьцямі, якія бадай вельмі дэкорацыйны ў мірных умовах, але тут яны былі-б толькі маной. Кемэрых забіты, Гайе Вэстгус памірае, а целам Ганса Крамэра ў дзень страш-