нязначнай справай. Калі вы наступным разам пойдзеце з намі, дык ніжнія чыны, раней чым памерці, будуць падыходзіць да вас, станавіцца ва фронт і ветліва пытацца: «Дазвольце адлучыцца, дазвольце падохнуць». Такіх людзей, як вы, мы толькі і чакаем!
Ён зноў садзіцца і Гімэльштос зьнікае як мэтэор.
— На тры дні арышту, — прадказвае Кат.
— Наступным разам пачну я, — кажу я да Альбэрта.
Але цяпер ужо канец. Увечары, у часе пераклічкі, адбываецца допыт. У канцылярыі сядзіць наш лейтэнант Бэртынк і выклікае аднаго за адным.
Я таксама мушу зьявіцца ў якасьці сьведкі і вытлумачыць, дзеля чаго Т’ядэн паўстаў супроць начальства.
Гісторыя пра Гімэльштосавы лекі нятрыманьня мачы робіць уражаньне. Гімэльштоса выклікаюць, і я паўтараю свае паказаньні.
— Гэта верна? — пытаецца Бэртынк у Гімэльштоса.
Той хоча выкруціцца, але, калі Кроп дае свае паказаньні, ён нарэшце прымушаны здацца.
— Чаму-ж ніхто не паведаміў аб гэтым сваячасова? — пытаецца Бэртынк.
Мы маўчым, ён сам павінен разумець, які сэнс мае скарга на тую дробязь у гарнізоннай службе. Ці могуць наогул быць скаргі на вайсковай службе? Ён гэта вельмі добра бачыць і спачатку дае часу Гімэльштосу, яшчэ раз энэргічна растлумачыўшы яму, што фронт — не казарма.
Потым ён навальваецца з падвоенай моцай на Т’ядэна, які, праслухаўшы доўгую пропаведзь, атрымлівае тры дні простага арышту. Кропу, падміргнуўшы яму, ён прызначае адзін дзень арышту.
— Інакш нельга, — гаворыць ён з жалем. Гэта разважны хлапец.
«Просты арышт» — штука ня кепская. Арыштнае памяшканьне знаходзіцца ў былым птушніку. Там яны абодвы могуць прымаць гасьцей, і мы ўжо ўмовіліся прыйсьці да іх. Пры «суровым арышце» яны былі-б пасаджаны ў склеп. Раней нас прывязвалі да дрэва, але цяпер гэта забаронена. Іншы раз з намі абыходзяцца ўжо як з людзьмі.
Праз паўгадзіны пасьля гэтага, як Т’ядэна і Кропа садзяць за драцяныя краты, мы ўрываемся да іх. Т’ядэн вітае нас кукарэканьнем. Потым мы дацямна гуляем у скат. Т’ядэн, вядома, выйграе, дурны нягоднік!