Але Т’ядэна гэта ня пужае.
— Пяць дзён карцэру — гэта пяць дзён спакою.
— А калі цябе пашлюць у цытадэлю? — дапытвае больш грунтоўна Мюлер.
— Тады на гэты час для мяне ня будзе вайны.
Т’ядэн шчасьлівец. Для яго ня існуе клопатаў.
Ён адыходзіць разам з Гайе і Леерам, каб не патрапіць пад гарачую руку.
Мюлер усё яшчэ ня скончыў сваіх запытаньняў. Цяпер ён падступае да Кропа.
— Альбэрт, калі-б ты сапраўды трапіў дамоў, што-б ты пачаў рабіць?
Кроп цяпер пад’еўшы і таму больш уступлівы.
— Колькі, уласна кажучы, вас тады было ў клясе?
Мы падлічваем: з дваццаці сем забіта, чацьвёра паранена, адзін у вар’яцкім доме. Гэтак ад сілы набярэцца чалавек дванаццаць.
— Трое зрабіліся лейтэнантамі, — гаворыць Мюлер. — Думаеш яны дазволяць Канторэку рабіць ім заўвагі?
Мы гэтага ня думаем, ды і мы таксама не дазволім рабіць нам заўваг.
— Дык па-твойму, ці захавана адзінства дзеі, часу і месца ў драме «Вільгэльм Тэль»? — успамінае раптам Кроп і голасна рагоча.
— Якія былі задачы Гетынгенскага хаўрусу? — пытаецца нечакана Мюлер з асаблівай строгасьцю.
— Колькі дзяцей было ў Карла адважнага? — спакойна пытаюся я.
— Вы ў жыцьці ні да чаго ня будзеце прыдатны, Боймэр! — вішчыць Мюлер.
— Калі была бойка ля Замы? — хоча ведаць Кроп.
— У вас няма моральных асноў, Кроп. Садзецеся! Тры з мінусам, — адрабляюся я.
— Якія задачы лічыў Лікург найважнейшымі для дзяржавы? — шапоча Мюлер і робіць выгляд, нібы папраўлае пэнснэ.
— Як трэба сказаць: «Мы, у якасьці немцаў, баімся толькі бога і больш нікога», ці проста: «мы — немцы?..» — задаю я пытаньне.
— Колькі жыхароў у Мэльбурне? — шчабеча Мюлер.
— Як-жа вы зьбіраецеся жыць, калі вы гэтага ня ведаеце? — абурана пытаюся я ў Альбэрта.