Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раніца пахмурная, санітары бегаюць з нумарамі і білетамі, параненыя стогнуць.

Пачынае капаць дождж.

Праз гадзіну мы даходзім да нашых грузавікоў і забіраемся ў іх. Цяпер нам раскашней.

Дождж павялічваецца. Мы разгортваем палотны палатак і кладзем іх сабе на галаву. Дождж барабаніць па іх і цячэ далоў. Абапал дарогі цурчаць дажджавыя ручаі. Машыны плёскаючы праяжджаюць па ямінах, і мы ў паўсьне хістаемся з боку ў бок.

Два чалавека паперадзі нас трымаюць у руках доўгія, што сканчаюцца вілкамі, кіі. Яны сочаць за тэлеграфнымі правадамі, якія вісяць упоперак вуліцы так нізка, што могуць сарваць нам галовы. Два чалавекі тут-жа падхопліваюць іх сваімі двойчастымі кіямі і паднімаюць іх высока над намі.

Мы чуем іх крык: — Увага! Провад! — і ў паўсьне мы згінаем калені і потым зноў выпростваемся.

Аднастойна калышуцца машыны, аднастойна паўтараюцца крыкі, аднастойна барабаніць дождж. Ён льле на шыны, галовы і на галовы забітых там, наперадзі, на цела маленькага новабранца, рана якога завельмі вялікая для яго сьцягна, ён льле на магілу Кемарыха, ён льле на нашыя сэрцы.

Недзе раздаецца выбух. Мы ўздрыгваем, нашы вочы пашыраюцца, рукі зноў гатовы перакінуць цела праз сьценкі машыны ў прыдарожную канаву. Далей нічога няма. Адны монотонныя ўскрыкваньні:

— Увага! Провад!

Мы апушчаемся на каленкі, мы зноў у паўсьне.


V

Цяжка забіваць вошы па аднэй, калі іх у цябе сотні. Яны даволі цьвёрдыя і ціскаць іх пазногцем дакучае. Таму Т’ядэн прымацаваў дротам да агарку сьвечкі пакрыўку ад бляшанкі з-пад ваксы. У гэтую маленькую патэльню скідваюць вошы, чутны лёганькі трэск і ўсё гатова.

Мы садзімся ў кружок, кашулі ў нас на каленках, верхняя частка аголенага цела — у цёплым паветры, рукі за работай. У Гайе вошы выдатныя: у іх на галоўцы чырвоны крыж. Таму ён сьцьвярджае, што падчапіў іх у лазарэце ў Тургуце, і нават нібы ад галоўнага