Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Гэтая кніга не зьяўляецца ні абвінавач-
ваньнем, ні споведзьдзю. Яна толькі робіць
замер расказаць аб пакаленьні, якое было
зьнішчана вайной, хоць і ўнікнула яе гранат.


I

Мы разьмясьціліся ў дзесяці кілёмэтрах пазадзі фронту. Учора нас зьмянілі; зараз нашы страўнікі поўны фасоляй і ялавічынай; мы пад’елі і здаволены. Нават на вячэру кожны з нас здолеў набраць поўны кацялок; акрамя таго, у нас падвойныя порцыі каўбасы і хлеба. Такога выпадку ўжо даўно ня было: кухар, з чырвонай, як памідор, галавой, проста навязваецца з ежай; кожнага хто праходзіць паўз яго, ён заклікае апалонікам і адным махам дапаўна налівае ягоны кацялок. Ён у вялікім замяшаньні, бо ня ведае, як спаражніць сваю паходную кухню. Т’ядэн і Мюлер прыдбалі сабе па рукамыйнай лаханцы і налілі іх поўна да ўскрайку, на запас. Т’ядэн робіць гэта з ненажэрнасьці, Мюлер — з прадбачлівасьці. Куды Т’ядэн усё гэта падзяе — загадка. Ён як быў, так і застаецца сухарлявым селядцом.

Але самае галоўнае тое, што нам далі таксама падвойныя порцыі тутуну. На кожнага дзесяць цыгар, дваццаць папярос і два кавалкі жавальнага тутуну, — гэтага зусім досыць. Я памяняў свой жавальны тутун на папяросы Катчынскага, дзеля чаго ў мяне атрымалася сорак штук. Гэтак ужо магчыма пратрымацца дзень.

Уласна, гэткі падарунак нам зусім не рыхтавалі. Прусакі зусім ня так велікадушны. Усім гэтым мы абавязаны непаразуменьню.

Два тыдні назад мы павінны былі зьмяніць на перадавых позіцыях адну з рот. На нашым вучастку было параўнаўча спакойна,