Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выратоўвае раней, чым мы зразумеем, што здарылася. Калі-б гэтага чуцьця ня было, дык ад Фляндрыі да Вогэзаў ужо даўно не засталося-б жывым ніводнага чалавека.

Мы накіроўваемся на позыцыі хмурнымі або добрадушнымі салдатамі, — узыходзім на зону, дзе пачынаецца фронт, і вось кожны з нас робіцца чалавекам-зьверам.

Рэдкі лес прымае нас у свой цень. Мы праяжджаем паўз паходныя кухні. За лесам мы выгружаемся. Машыны адыходзяць назад. Яны зноў прыедуць па нас заўтра перад сьвітаньнем.

Над лугам, на вышыні чалавечых грудзей, разлёгся туман і гарматны дым. Зьверху сьвеціць месяц. Па вуліцы цягнуцца войскі. Сталёвыя шлемы мігцяць матавым водблескам у зьзяньні месяца. Галовы і вінтоўкі выступаюць з белага туману, — галовы ківаюць і рулі вінтовак хістаюцца.

А далей, наперад, туман рассейваецца. Галовы ператвараюцца ў фігуры; курткі, штаны і боты выступаюць з туману, як з малочнай саджалкі. Яны формуюцца ў колёну. Колёна крочыць проста наперад. Фігуры ствараюць клін, ужо нельга адрозьніць іх адну ад аднае, толькі цьмяны клін сунецца наперад; ён дзіўна запаўняецца галовамі і вінтоўкамі, што выплываюць з туману. Рушыць колёна, людзей няма.

Па папярочнай вуліцы праяжджае лёгкая артылерыя і зарадныя скрыні. У коняй на сьвятле месяца бліскаюць сьпіны. Іх рухі прыгожыя, яны ўзьнімаюць галовы, бачна як блішчаць іхнія вочы. Гарматы і павозкі соўгаюцца міма і зьнікаюць у месячным ляндшафце, коньнікі ў сталёвых шлемах здаюцца рыцарамі мінулых часоў, у гэтым нейкая хвалюючая прыгожасьць.

Мы накіроўваемся ў парк на перадавых позіцыях. Некаторыя з нас, згінаючыся, бяруць на плечы гострыя жалезныя кіі, іншыя прасоўваюць гладкія жалезныя прэнты ў скруткі дроту і цягнуць іх з сабой. Паклажа нязручная і цяжкая.

Глеба пад нагамі робіцца ўсё больш зрытай. Пярэднія перадаюць:

— Увага! Налева глыбокая варонка!

— Памалу, акопы!

Нашы вочы напружаны, нагамі і кіямі мы намацоўваем глебу раней, чым абапёрціся на яе зусім цяжарам цела. Раптам процэсія спыняецца; налятаеш тварам на скутак дроту ў папярэдняга і лаешся.