Гэта быў дзіўны малюнак: Гімэльштос на зямлі, нахіліўшыся над ім і трымаючы яго галаву на сваіх каленках — Гайе, з дзьябальскі ашчэраным тварам і расчыненым ад радасьці ротам, потым уздрыгваюць паласатыя сподні, з нагамі ў выглядзе літары Х, якія вырабляюць пры кожным удары самыя орыгінальныя рухі ў спушчаных штанох, і пад усім гэтым, нібы дрывасек, — Т’ядэн, які ня ведае стомы. Нам давялося яго проста адарваць, каб засталося і на долю іншых.
Нарэшце, Гайе зноў паставіў Гімэльштоса на ногі і ў заключэньне даў яму яшчэ поўху прыватным парадкам. Здавалася, што ён зьбіраецца сарваць зоркі з неба, так ён размахнуўся правай рукой, каб адважыць яму аплявуху. Гімэльштос перакінуўся. Гайе зноў падняў яго, паставіў на месца і адважыў яму другую першагатунковую аплявуху левай рукой. Гімэльштос выў і кляў нас на ўсе лады. Яго паласаты зад быў асьветлены месяцам.
Мы зьніклі галёпам.
Гайе яшчэ раз азірнуўся і сказаў з зласьлівым задавальненьнем, ня зусім зразумела:
Помста — гэта крывяная каўбаса.
Нарэшце Гімэльштос павінен быў-бы радавацца, бо яго словы, што адзін павінен выхоўваць другога, прынесьлі належны плод у адносінах да яго самога. Мы зрабіліся паслухмянымі пасьлядоўцамі яго мэтодаў.
Ён так і не даведаўся каму быў абавязан гэтай пацехай. Ва ўсякім разе, ён набыў дзякуючы гэтаму прасьцірадла: зьвярнуўшыся праз некалькі гадзін мы не змаглі яго знайсьці.
Гэты вечар быў прычынай таго, што наступным раньнем мы паехалі ў параўнаўча бадзёрым настроі. І адзін барадач да глыбіні душы расчулены нашым учынкам, назваў нас геройскай моладзьдзю.
IV
Мы павінны ісьці ўперад на шанцавыя работы. З надыходам ночы надыходзяць грузавікі.
Стаіць цёплы вечар, і змрок здаецца нам хусткай, пад аховай якой мы гэтак добра сябе адчуваем. Ён зьбліжае нас адзін з адным; нават скупы Т’ядэн дарыць мне папяросу і дае агню.