Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

XII

Восень. Старых салдат засталося мала. Я апошні з сямі чалавек з нашае клясы.

Усе гавораць аб міры, аб перамір’і. Усе чакаюць. Калі нам давядзецца зноў расчаравацца, тады мы ня вытрываем: надзея дужа моцная, яе ўжо нельга прагнаць, ня выклікаўшы выбуху. Калі ня будзе міру, — будзе рэволюцыя.

Я атрымліваю на чатырнаццаць дзён адпачынак, бо я хваціў крыху задушлівага газу. Я сяджу праз увесь дзень на сонцы ў маленькім садку. Хутка будзе перамір’е: цяпер мы паедзем дахаты.

Тут мае думкі спыняюцца, і я ня маю сілы прымусіць іх рушыць далей. Тое, што цягне мяне туды і чакае мяне там, — гэта пачуцьці: прага да жыцьця, палючая туга па родным краі, кроў, упаеньне выратаваньнем. Але мэты няма ніякай.

Калі-б мы зьвярнуліся ў 1916 годзе, — з болю і сілы нашых перажываньняў нарадзілася-б навальніца. Калі мы зьвернемся цяпер, дык мы прыдзем змардаваныя, з упалым духам, вытхлыя, бяз глебы, і пазбаўленыя надзеі. Мы ня здолеем ужо прыстасавацца да жыцьця.

Ды нас і не зразумеюць, бо наперадзі нас — пакаленьне, якое, праўда, правяло гэтыя гады разам з намі, але якое мела гнёзды і здатнасьць, і цяпер яно зьвяртаецца да сваёй ранейшай профэсіі, дзе забудзешся на вайну, а пазадзі нас ідзе пакаленьне, падобнае да нас ранейшых, але яно будзе чужым нам і адсуне нас убок. Мы лішнія нават для саміх сябе, мы будзем расьці, некаторыя з нас прыстасуюцца, іншыя скорацца, але шмат хто застанецца бездапаможным; гады будуць мінаць, і нарэшце, мы загінем.

Але, магчыма, усё тое, пра што я думаю, навеяна тугой і зьбянтэжанасьцю, і ўсё гэта раскідаецца, як толькі зноў я буду стаяць пад таполямі і прыслухоўвацца да шолаху іх лісьця. Не, немагчыма, каб усё гэта адышло, — тое прыгожае, што хвалявала нашу кроў, нявыразнае, уражальнае, доўгачаканае, тысяча вобразоў будучага, мэлёдыя навеяная снамі і кнігамі, прадчуваньне жанчын, ня можа быць, каб гэта загінула ў гураганным агні, адчаі і ў салдацкіх публічных дамох.

Дрэвы тут пярэстыя і залатыя, ягады рабіны чырванеюць сярод лісьця, праездныя дарогі белай істужкай цягнуцца да самага горызонту, і палкавыя крамкі гудуць, нібы вульлі, слыхамі пра мір.