Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лыя твары зарываюцца ў гразь, і рукі сударгава сыціскаюцца ў адно маленьне:

— Не! Не! Толькі не цяпер! Толькі не цяпер, у гэтыя апошнія імгненьні!

Лета 1918 году. Вецер надзеі, які праносіцца па спаленых палёх, шалёная ліхаманка нецярплівасьці, расчараваньня, хваравіты страх перад сьмерцю, балючае пытаньне: чаму, чаму ня ідзе канец? І навошта гэтыя чуткі пра мір?

Тут да таго шмат аэроплянаў, і яны адчуваюць сабе так бясьпечна, што ганяюцца за асобнымі людзьмі, як за зайцамі. На адзін нямецкі самалёт прыпадае, прынамсі, пяць ангельскіх і амэрыканскіх. На аднаго згаладалага, змардаванага нямецкага салдата ў акопах прыпадае пяць дужых і сьвежых на варожым баку. На адну баханку нямецкага салдацкага хлеба прыпадае пяцьдзесят бляшанак з мяснымі консервамі ў ворага. Мы не пераможаны, бо як салдаты мы больш дасьведчаныя і лепшыя, — мы проста расьціснуты і адапхнуты назад сіламі, якія ў шмат раз большыя за нашы.

Мінае некалькі дажджыстых тыдняў — шэрае неба, шэрая вымаклая зямля, шэрая сьмерць. Калі мы выступаем на позыцыі, вільгаць пранікае ў нашы шынэлі і вопратку, — і так праз увесь час, пакуль мы наперадзі. Так мы і абсыхаем. У каго ’шчэ ёсьць боты, той абгортвае іх знадворку мяхамі з-пад пяску, каб гліністая вада не прасякала ў іх хутка. Вінтоўкі іржавеюць, амбундыраваньне псуецца, усё размокла, усё распусьцілася, цягучая, вільготная, алеістая маса зямлі, на якой разьліліся жоўтыя яміны, поўныя вады з сьпіралевымі чырвонымі плямінамі крыві, — і ў гэтых плямінах паволі тонуць забітыя, параненыя і тыя што засталіся жывымі.

Навальніца бушуе над намі; град асколкаў вырывае з шэра-жоўтага хаосу прарэзьлівыя дзіцячыя крыкі параненых, цяжка стогне расшматанае жыцьцё, апускаючыся ў адвечнае маўчаньне.

Нашы рукі — зямля, нашы целы — гліна, нашы вочы — дажджовыя лужыны. Мы ня ведаем ці жывем мы яшчэ.

Пасьля ў нашы яміны запаўзае шэрая і задушлівая сьпека, і ў адзін з апошніх летніх дзён, калі мы адпраўляемся за продуктамі, Кат падае. Мы з ім адны. Я перавязваю яму рану: у яго, мусіць,