Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На трэці дзень ён зьнікае. Я заўважваю гэта, але нічога не кажу, каб даць яму магчымасьць адысьціся далей. Шмат каму шчасьціла прабрацца ў Голяндыю.

Аднак у часе пераклічкі яго адсутнасьць выкрываецца. Праз тыдзень мы даведваемся, што ён спайманы палявой жандармерыяй, гэтымі агіднымі вайсковымі поліцэйскімі. Ён накіраваўся ўбок Нямеччыны, — гэта, вядома, было безнадзейнай авантурай, — дый і ўвесь плян быў кепска абмеркаваны. Кожнаму павінна быць зразумела, што ўцекі выклікаліся толькі тугой па радзіме і хвілёвым вар’яцтвам. Але што ведаюць ваенна-палявыя суды, якія знаходзяцца за сотню кілёмэтраў пазадзі перадавых позыцый? Мы больш ужо нічога ня чулі пра Дэтэрынга.

Але гэтае небясьпечнае, затоенае напружаньне вырываецца часам і інакш, як пара з перагрэтага катла. Тут трэба сказаць аб канцы, да якога дайшоў Бэргер.

Даўно ўжо нашы акопы набіты артылярыйскім агнём; перадавыя лініі зрабіліся руховымі, і мы, па сутнасьці, ня ведаем сапраўднай позыцыйнай вайны.

Пасьля атакі і контр-атакі лінія фронту засталася парванай і адбываецца жорсткае змаганьне ад варонкі да варонкі. Перадавая лінія прарвана і паўсюды стварыліся асобныя групы, гнёзды ў варонках, з якіх вядзецца бой.

Мы сядзімо ў адной з варонак, збоку знаходзяцца ангельцы; яны загінаюць флянг і абыходзяць з тылу. Мы акружаны. Здаецца зараз цяжка: над намі нясецца туман і дым, ніхто-б і не зразумеў, што мы здаемся, ды, можа быць, мы зусім і ня хочам здавацца, бо ў гэткія хвіліны сам ня ведаеш, што робіш. Мы чуем як набліжаюцца да нас выбухі ручных гранат. Наш кулямёт абсыпае пярэдні паўкруг. Вада ў кажуху выпарваецца. Мы сьпешліва перадаем адзін аднаму судзіну, кожны з нас мочыцца у яе — такім чынам мы здабываем неабходную вільгаць і можам страляць далей. Але пазадзі нас выбухі ўсё набліжаюцца. Праз некалькі хвілін мы загінем.

Раптам пачынае страляць другі кулямёт, зусім блізка ад нас. Ён у суседняй варонцы: яго прыцягнуў Бэргер, і ў той-жа момант пазадзі пачынаецца контр-атака. Мы прарываемся і аднаўляем сувязь з нашымі.