Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адварачваемся. Чорная мантыльля зьнікае пад коўдрай і мы пачынаем голасна, з усякімі прымоўкамі гуляць у скат.

Усё ідзе добра. У мяне на руках амаль толькі крыжы. Мы з-за гульні ледзь-ледзь не забыліся на Левандоўскага. Праз некаторы час пачынае тхінкаць дзіцёнак, хоць Альбэрт з адчаем раскачвае яго з боку ўбок. Пасьля лёгкае рыпеньне і шолах, і калі мы азіраемся, мы бачым, што дзіцёнак зноў ужо ў маткі і сасе свой ражок. Усё ўдалося як найлепей.

Цяпер мы адчуваем сябе аднэй вялікай сям’ёй. Жанчына павесялела, а Левандоўскі ляжыць успацелы і задаволены.

Ён распакоўвае вышытую сумку, выцягвае з яе пару добрых каўбас, бярэ нож і, трымаючы яго, як букет кветак, рэжа каўбасу на кавалкі. Шырокім гэстам ён паказвае на нас — і маленькая, недалужная жанчына ідзе ад аднаго да другога, ухмыляецца і надзяляе нас каўбасой. Цяпер яна выдаецца нават прыгожай. Мы называем яе матуляй, а яна рада і ўзьбівае нам падушкі.

Праз некалькі тыдняў я пачынаю кожную раніцу хадзіць у Цэндэраўскі інстытут. Там маю нагу зацягваюць у рамяні і прымушаюць рухаць яе ўзад і ўперад. Рана ўжо даўно загаілася.

З фронту прыбываюць новыя транспорты. Бінтоў ужо ня робяць з тканіны: яны з белага папяровага крэпу. Адчуваецца значны недахоп перавязачнага матэрыялу.

Альбэртава кукса загойваецца добра. Рана амаль закрылася. Праз некалькі тыдняў яго адправяць на протэзны пункт. Ён усё ’шчэ мала гаворыць і стаў куды больш сур’ёзным, чымся раней. Часта ён абрывае размову на палове слова і пільна ўглядаецца наперад. Калі-б ён ня быў разам з намі, ён даўно-б скончыў самагубствам. Але цяпер ён ужо перамог самае брыдкое. Ён часам нават гуляе ў скат.

Я атрымліваю водпуск на лячэньне.

Мая матка нізавошта ня хоча адпускаць мяне. Яна вельмі слабая. Усё куды горш, чымся было ў той раз.

Пасьля мяне зноў накіроўваюць у полк, і я зноў накіроўваюся на фронт. Мне вельмі цяжка разлучыцца з маім сябрам Альбэртам Кропам. Але на вайсковай службе з бегам часу прызвычайваешся да ўсяго.