Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён азіраецца:

— Што вы на гэта скажаце?..

І нават Юзэф павінен згадзіцца, што гэткі выпадак ён бачыць упяршыню.

Паступова некаторым з нас дазваляюць уставаць. Я таксама атрымліваю мыліцы, каб сяк-так кандыбаць. Але я мала імі карыстаюся: я не магу зносіць Альбэртавага погляду, калі я перасоўваюся па пакоі. Ён глядзіць сьледам за мной такімі дзіўнымі вачыма… Таму я іншы раз праціскаюся ў корыдор; там я магу спакойна рухацца.

Паверхам ніжэй ляжаць параненыя ў жывот, у сьпіну, у галаву і ампутаваныя на абедзьве нагі. У аддзяленьні направа — параненыя ў сківіцы, атручаныя газамі, параненыя ў нос, вушы, горла. Налева — сьляпыя і параненыя ў лёгкія, у лагво, у суставы, у ныркі, у машонку, у жывот. Тут толькі даведваемся, куды можа быць паранены чалавек…

Двое паміраюць ад аслупяненьня. Скура іх робіцца зьмярцьвелай, усе канцавіны застываюць, жывуць толькі адны вочы. У шмат якіх параненых пашкоджаная частка цела вісіць у паветры, яе падтрымлівае адмысловая падпорка; пад рану кладзецца мяднічка, куды сьцякае гной. Праз кожныя дзьве або тры гадзіны пасудзіну апаражняююць. Іншыя ляжаць у выпроствальных павязках з падвешаным грузам. Я бачу кішачныя раны, якія заўсёды поўны калам.

Лазарэтны пісар паказвае нам рэнтгенаўскія здымкі патрушчаных галёначных костак, накаленьніц і лучкоў.

Здаецца неверагодным, што над такім пашматаным целам яшчэ ёсьць чалавечы твар, у якім адлюстроўваецца штодзеннае цячэньне жыцьця. Але-ж гэта толькі адзін лазарэт, толькі адзін лекавы пункт, а іх-жа сотні тысяч у Нямеччыне, сотні тысяч у Францыі, сотні тысяч у Расіі. Як бяз сэнсу ўсё тое, што калі-небудзь людзі пісалі, рабілі, думалі, калі магчыма вось усё гэтае. Усё было хлусьнёй і драбніцамі, калі культура тысячагодзьдзяў ня здолела адхіліць тое, што цягнула за сабой праліцьцё такога ліку струменьняў крыві, стварэньне соцень тысяч такіх карцэраў пакуты. Толькі лазарэт паказвае, што значыць вайна.

Я малады, мне дваццаць год, але аб жыцьці я ня ведаю нічога, акрамя роспачы, сьмерці, жудасьці і перапляценьня найбяссэнснай бесклапотнасьці з бяздоньнем пакуты. Я бачу, як народы нацкоў-