Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так, быццам, — ухіляюся я.

Тады зноў пачынаюцца роспыты. Яна глядзіць на мяне сваімі сьветлымі вачыма, уся яна чыстая і цудоўная. Тым цяжэй мне ёй сказаць чаго мне, уласна кажучы, трэба.

Мяне зноў падымаюць на гару. Гэта можа сумна скончыцца. Калі яна пойдзе, я зараз-жа паспрабую зьлезьці. Была-б гэта старая жанчына, тады лягчэй было-б сказаць ёй, але яна зусім маладзенькая, ёй ад сілы дваццаць пяць год. Не, я не магу ёй гэтага сказаць!

Але тут Альбэрт пасабіў мне. Ён не саромеецца, ды, урэшце, справа не аб ім. Ён гукае сястру. Яна абарочваецца.

— Сястра, ён хацеў… — Але і Альбэрт ня ведае як яму падалікатней сказаць. Там, на фронце, усё гэта называюць сваімі назвамі, але тут, у прысутнасьці такой дамы… Але раптам ён успомніў школьны час і хутка сканчвае: — Яму трэба выйсьці, сястра!

— Ах, вось яно што! — гаворыць сястра. — Дык для гэтага яму ня трэба было з гіпсавай павязкай вылазіць з койкі. Вам чаго трэба? — зварачваецца яна да мяне.

Я сьмяртэльна напалоханы гэтым новым зваротам, бо я ня маю ніякага ўяўленьня як гэтыя рэчы называюцца на медычнай мове. Сястра пасабляе мне:

— Маленькае ці вялікае?

Якая ганьба! Я ўкрываюся потам, як малпа, і кажу зьбянтэжана:

— Так… толькі маленькае.

Мне даюць бутэльку. І то добра! Праз некалькі гадзін я ўжо не адзін, а наступнага дня мы да гэтага ўжо прызвычайваемся і бяз сораму патрабуем тое, што нам трэба.

Цягнік пасоўваецца марудна. Часам ён спыняецца і выгружае мерцьвякоў. Ён спыняецца часта.

У Альбэрта пал. Я адчуваю сябе так сабе. Болі ёсьць, але куды горш тое, што пад гіпсаванай павязкай, напэўна, поўзаюць вошы. Сьверб нясьцерпны, а пачухацца я не магу.

Дні мігаюць у дрымоце. Паўз вокны паволі плыве ляндшафт. Трэцяй начы мы прыбываем у Гэрбэшталь. Я даведваюся ад сястры, што Альбэрта будуць выгружаць на наступнай станцыі, з прычыны таго, што ў яго пал.

— Як далёка ідзе гэты цягнік? — пытаюся я.

— Альбэрт, мы застаемся разам, — кажу я. — Вось пабачыш!