— За тое, што вы там ляжалі ў акопах, няўжо мы не памыем пасьцельнай бялізны для вас? — Гаворыць яна далей.
Я гляджу на яе. Яна прывабна і малада, чыста вымыта, як усё тут. Нельга даць веры, што гэта прызначана не для аднаго офіцэрства, таму адчуваеш сябе ніякавата і нібы пад пагрозай.
Гэтая жанчына дапытваецца далей, таму я вымушаны пра ўсё сказаць.
— Гэта дзеля… — Я абсякаюся. Мусіць-жа яна зразумець у чым справа!
— Дык што-ж урэшце?
— Дык-жа вошы! — выпальваю я нарэшце.
Яна сьмяецца.
— Хай і яны пажывуць на сваю пацеху.
Ну, цяпер мне ўсёроўна. Я забіраюся на койку і ўкрываюся коўдрай. Чыясьці рука коўзае па маёй коўдры. Гэта фэльдфэбэль. Ён забірае з сабой цыгары.
Праз гадзіну я заўважваю, што мы паехалі.
Уначы я абуджаюся. Кроп таксама кратаецца. Цягнік памалу коціцца па рэйках. Як і раней усё незразумела: койка, цягнік, дахаты.
Я кажу шэптам:
— Альбэрт!
— Ага?
— Ты ня ведаеш, дзе прыбіральня?
Мне здаецца за тымі дзьвярыма направа.
— Я пайду пагляджу.
Цёмна. Я абмацваю край койкі і спрабоўваю паволі зьлезьці. Але мая нага не знаходзіць апорышча, я звальваюся далоў. Гіпсавая нага толькі перашкаджае, і я з трэскам падаю на падлогу.
— Пракляцьце! — кажу я.
— Ты выцяўся, — пытаецца Кроп.
— Ты, здаецца, чуў, — буркаю я. — Мой чэрап!
У канцы вагона адчыняюцца дзьверы. Уваходзіць сястра з сьвятлом і бачыць мяне.
— Ён скінуўся з койкі.
Яна мацае мой пульс і дакранаецца рукой да ілба.
— У вас няма палу.
— Няма, — згаджаюся я.
— Вам чаго прысьнілася? — пытаецца яна ў мяне.