Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Два санітары моцна трымаюць мяне за рукі, але мне шанцуе вызваліць адну з іх і я акурат наважваюся ўдарыць ёй па дактаровых акулярах, але ён заўважвае і адскоквае.

— Захлёраформуйце гэтага хлапца! — крычыць ён шалёна.

Я адразу заспакойваюся.

— Даруйце пан доктар, я буду ляжаць ціха, толькі не хлёраформуйце мяне!

— Ну, вось! — мармыча ён і зноў бярэцца за свае інструманты. Гэта балявы малады чалавек, ад сілы — трыццаці год, у рабаціньні і з нейкімі брыдкімі акулярамі. Я заўважваю, што ён цяпер зьдзекваецца нада мной: ён доўга керпаецца ў ране і раз-по-разу пазіраe на мяне праз акуляры. Я з усёй моцы сьціскаю ручкі насілак: я хутчэй здохну, чым хоць раз хаўкну.

Ён выкалупаў асколак і кідае яго мне. Як я бачу, ён давольны маімі паводзінамі, бо цяпер ён клапатліва глядзіць на мяне і гаворыць:

— Заўтра паедзеце дахаты.

Пасьля маю нагу заліваюць гіпсам. Калі я зноў ляжу разам з Кропам, — я кажу да яго, што заўтра, напэўна прыйдзе санітарны цягнік.

— Нам трэба пагутарыць з лазарэтным фэльдфэбэлем, каб нас паклалі разам, Альбэрт!

Мне ўдаецца пры дапамозе некалькіх ветлівых слоў даць фэльдфэбэлю дзьве цыгары з абручом пасяродку. Ён бярэ і пытаецца:

— У цябе можа ’шчэ ёсьць?

— Яшчэ добрыя прыгаршні, кажу я, — а ў майго таварыша, — я паказваю на Кропа, — таксама. Мы ахвотна перадамо вам іх заўтра праз акно санітарнага цягніка.

Ён, вядома згаджаецца, зацягваецца ’шчэ раз і кажа:

— Добра. Хай будзе так!

Уначы мы ні на хвіліну ня можам заснуць.

У нашай палаце сем чалавек. Адзін цэлую гадзіну сьпявае высокім, надтрэснутым тэнарам псальмы, пасьля пачынае хрыпець.

Другі праходзіць з ложка да акна. Ён ляжыць перад ім, нібы хоча ў апошні раз паглядзець на волю, і там памірае.

Нашы насілкі стаяць на вагзале. Мы чакаем цягніка. Ідзе дождж, а на вагзале няма даху. Коўдры ў нас тонкія. Мы чакаем ужо дзьве гадзіны.