Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ныя мяккія рэчы. На вёсцы ўсяго гэтага хапае. Мы з Альбэртам знаходзім складаны ложак з чырвонага дрэва, з балдахінам з блакітнага шоўку, аздобленага карункамі. Мы ўспацелі пакуль перанесьлі яго, як малпы, але такой рэчы ніяк нельга ня ўзяць, бо ўсёроўна яна будзе пабіта, патрушчана знарадамі праз якіх два дні.

Я і Кат выпраўляемся ў маленькую выведку па хатах. За кароткі час у нас ужо назьбіраўся тузін яек і два фунты даволі сьвежага масла. Раптам у адным з пакояў раздаецца трэск і скрозь сьцяну з грукатам вылятае жалезная печка, праносіцца паўз нас і на адлегласьць аднаго мэтру ад мяне зноў вылятае праз другую сьцяну. Дзьве дзіры. Яна прыляцела з суседняй хаты, у якую трапіла граната! — Пашанцавала! — жартуе Кат і мы шпарым далей. Але адразу-ж мы натапырваем вушы і кідаемся стрымгалоў. Мы спыняемся нібы зачараваныя: у невялікім хлеве кратаюцца два жывых парася. Мы праціраем сабе вочы і зноў асьцярожна глядзім туды: дапраўды яны там. Мы хапаем іх — сапраўды два парася!

З іх выходзіць найцудоўны полудзень. На пяцьдзесят крокаў ад нашай кватэры стаіць невялікі дом, у якім раней была офіцерская кватэра. На кухні гіганцкая пліта з двума сьпічакамі, патэльнямі, рондлямі і катламі. Тут ёсьць усяго, нават у кладоўцы нарыхтавана дробна насечаных дроў, сапраўдная утопія.

Зранку двое з нас пайшлі ў поле, каб пашукаць бульбы, морквы і маладога гароху. Мы раскашуем, мы плюем на консэрвы з прадуктовага складу. Мы хочам сьвежай гародніны. У кладоўцы ўжо ляжаць два качаны цьвятной капусты.

Парасяты зарэзаны. Гэта зрабіў Кат. Да смажаніны мы хочам прыгатаваць бульбяныя крокеты. Але мы не знаходзім таркі для бульбы. Хутка мы далі рады. У бляшанцы мы цьвіком прабіваем мноства дзірак і ў нас ёсьць тарка. Двое нацягваюць грубыя пальчаткі, каб не пашкодзіць сабе пальцаў аб тарку, двое ’шчэ чысьцяць бульбу. Такім парадкам справа хутка пасоўваецца наперад.

Кат бярэ на сябе прыгатаваньне парасят, моркаўкі, гароху і цьвятной капусты. Да цьвятной капусты ён нават прыгатаваў белай падліўкі. Я смажу крокет, па чатыры адразу. Праз некалькі хвілін я ўжо прыстасаваўся так устрасаць патэльню, што гатовыя з аднаго боку крокеты падскокваюць угору, перакручваюцца ў паветры і зноў падаюць на патэльню. Парсюкоў пражым цалкам. Мы ўсе стаім наўкола іх, як ля алтару.