Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я лічу, што гэта хутчэй свайго роду ліхаманка, — гаворыць Альбэрт. — Ніхто гэтага, уласна кажучы, не жадае, але раптам пачынаецца. Мы не жадалі вайны, іншыя сьцьвярджаюць тое-ж самае, ня гледзячы на гэта, палова сусьвету ўцягнута ў вайну.

— Там у іх больш хлусьні, чым у нас, — пярэчу я. — Успомні вось проклямацыі ў палонных. У іх было сказана, што мы жарым бэльгійскіх дзяцей. Малайцоў, якія пішуць такія рэчы, варта-б было вешаць! Вось праўдзівыя вінаватыя.

Мюлер устае.

— Ва ўсякім разе, лепш што вайна адбываецца тут, горш было-б, калі-б гэта было ў Нямеччыне. Зірнеце вось на пакапаныя ў варонкі палі!

— Гэта справядліва, — згаджаецца таксама Т’ядэн. — Але ’шчэ лепш было-б, каб вайны зусім ня было.

Ён пахаджвае і ганарыцца, што асадзіў нас — добраахвотнікаў. І яго пункт погляду дапраўды зьяўляецца тут тыповым. З ім заўсёды стыкаешся і нічога слушнага адказаць ня можаш. Нацыянальнае пачуцьцё салдата выяўляецца ў тым, што ён тут, але на тым яно і сканчаецца. На ўсё астатняе ён глядзіць практычна, выходзячы з свайго ўласнага добрабыту.

Альбэрт з прыкрасьцю кладзецца на траву.

— Лепш не размаўляць зусім пра ўсё гэтае паскудзтва!

— Усёроўна гэтым нічога ня зьменіш! — падцьвярджае Кат.

У дадатак да ўсяго даводзіцца зьвярнуць усё новае абмундыраваньне, нам даюць зноў наша старае рызьзё. Добрыя рэчы былі даны толькі на парад.

Замест адпраўкі ў Расію, мы зноў ідзем на перадавыя позыцыі. Мы праходзім праз невялікі лясок з расчэпленымі стваламі і разварочанай глебай. Дзе-ні-дзе бачны страшэнныя яміны.

— Чорт пабяры, вось дзе дасталася! — кажу я Кату.

— Мінамёты, — адказвае ён і пасьля паказвае ўгару.

На галінах вісяць забітыя. Адзін голы салдат застрэў у разгаліненьні стволу, галава яго яшчэ ў шлеме, але больш ніякай вопраткі няма. Толькі адна палова яго застрэла там угары, верхняя частка цела, якая засталася бяз ног.

— Што тут адбылося? — пытаюся я.

— Яго высадзіла з вопраткі, — адказвае Т’ядэн з бурчаньнем.