Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бацька ківае галавой. Твар яго змучаны і ўвесь у зморшчках. Мая маці шмат хварэла. Праўда ў больніцу яна клалася толькі тады, калі ад яе гэтага вымагалі. Але ўсё-ж ткі гэта нам шмат каштавала, жыцьцë майго бацькі, уласна кажучы, усё пайшло іменна на гэта.

— Калі-б толькі ведаць, колькі будзе каштаваць опэрацыя! — гаворыць ён.

— А вы хіба не даведаліся?

— Проста — не. Гэта-ж не выпадае. А мо’ доктар пакрыўдзіцца: ён-жа будзе опэраваць маці…

«Так, — думаю я з горкасьцю. — Гэткія мы, гэткія ўсе бедныя людзі. Яны не асьмельваюцца запытацца пра цану і за лепшае бяруць мучыцца ў клопатах, але іншыя, для якіх гэта зусім ня так значна, знаходзяць цалкам натуральным дагаворвацца аб цане загадзя. На іх доктар не пакрыўдзіцца».

— Перавязкі пасьля таксама будуць каштаваць дужа дорага, — гаворыць бацька.

— Хіба бальнічная каса ня плоціць за гэта? — пытаюся я. — Маці ўжо там даўно хварэе… У вас ёсьць грошы?

Ён адмоўна матае галавой.

— Не, але цяпер я магу зноў працаваць звыштэрмінова.

Я ведаю: ён будзе да поўначы стаяць ля свайго стала і фальцаваць, клеіць і выкройваць. А восьмай гадзіне ён паесьць чаго-небудзь з таго благога харчу, які яны атрымліваюць па картках. Пасьля гэтага ён прыме парашку ад болю галавы і зноў будзе працаваць.

Каб яго крыху забавіць, я расказваю яму некалькі гісторый, якія мне ўспалі на розум, салдацкія анекдоты пра генэралаў, фэльдфэбэляў, што так ці інакш траплялі ў няёмкае становішча.

Потым я праводжу абодвух на чыгуначную станцыю. На разьвітаньне яны даюць мне шклянку з варэньнем і скрутак з бульбянымі аладкамі, якія яшчэ маці смажыла для мяне.

Пасьля яны ад’яжджаюць і я зварочваюся назад.

Увечары я намазваю варэньнем аладкі і ем. Яны здаюцца мне ня смачнымі. Тады я выходжу, каб аддаць аладкі рускім. Пасьля мне ўспала на розум, што мая маці сама смажыла іх і што ў яе, можа быць, былі болі, калі яна стаяла ля гарачай пліты. Я кладу скрутак назад у ранец і бяру толькі дзьве штукі для рускіх.