Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

толькі яны не глядзелі так на чалавека. Колькі пакуты ў гэтых двох маленькіх шчылінах, якія можна прыкрыць пальцамі, — у гэтых вачох.

Увечары яны прыходзяць у баракі і «гандлююць». Усё, што яны маюць, яны мяняюць на хлеб. Іншы раз ім шанцуе, бо ў іх добрыя боты, а ў нашых кепскія. Скура на іх высокіх ботах надзвычай мяккая, як юхта. Нашы сялянскія сынкі, якія атрымліваюць з дому прыпасы, могуць дазволіць сабе набыць гэтыя боты. Кошт іх за пару — ад двох да трох салдацкіх баханак хлеба, або адна баханка і невялікая цьвёрдая конская каўбаса.

Але амаль што ўсе рускія ўжо даўно аддалі тыя рэчы, што прынесьлі з сабой. Яны носяць мізэрныя лахманы і імкнуцца памяняць дробныя рэчы, якія яны зробяць з асколкаў знарадаў і адломкаў шрапнэльных кольцаў. Гэтыя рэчы, вядома, даюць ім дужа мала даходу, хоць на іх выраб і патрачана шмат працы. Іх аддаюць за два кавалкі хлеба. Нашы сяляне, калі сьпіраюцца за цану, скупыя і хітрыя. Яны трымаюць перад носам палоннага кавалак салдацкага хлеба і каўбасы да таго часу, пакуль той не зьбялее ад прагнасьці і не закоціць вочы. Тады яму робіцца ўсё роўным. Яны забіраюць сваю здабычу з усёй цырамоннасьцю, на якую яны толькі здатны, яны дастаюць свой таўсты сьцізорык, памалу і з аглядкай адразаюць сабе кавалак хлеба і кавалак цьвёрдай добрай каўбасы і насычаюцца, узнагароджваючы сябе за ўсё.

Я часта стаю на варце ля рускіх. У цемрадзі бачна, як соўгаюцца іх постаці, яны нагадваюць хворых буслаў, вялікіх птушак. Яны падыходзяць усутыч да кратаў і прыціскаюцца да іх тварамі, уціскаючы пальцы ў дрот. Часта яны стаяць па некалькі чалавек урад. Яны ўдыхаюць вецер, які павявае з палёў і лясоў.

Яны рэдка размаўляюць, перакідаючыся толькі двума-трыма словамі. Яны адносяцца адзін да аднаго па-брацку, чымся мы.

Але магчыма гэта для таго, што яны адчуваюць сябе больш няшчаснымі, чымся мы. А тымчасам для іх вайна ўжо скончылася. Але сядзець і чакаць крываўкі, — гэта таксама ня жыцьцё.

Ландштурмісты, якія іх ахоўваюць, расказваюць, што спачатку яны былі больш ажыўлёнымі. Сьпярша, як гэта заўсёды бывае, у іх былі ненатуральныя адносіны адзін да аднаго, і часта пры гэтым адбываліся кулачныя расправы і разаніна. Цяпер яны зусім атупелі і зрабіліся бязуважнымі. Большасьць нават пакінула онаніраваць: