Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Увечары над нардомаўскім уваходам загарэўся чырвонымі літарамі вялізарны плякат:

КЛЯСАВАГА ВОРАГА — АНТЫСЭМІТА — ПАД ПРОЛЕТАРСКІ СУД

і на зьмену з гэтым плякатам — то загараўся, то згасаў другі:

ТУТ — СУД НАД АНТЫСЭМІТАМ КРАНЦЭВІЧАМ

Зьбіраліся людзі да нардому грудкамі — па некалькі чалавек, зьбіраліся і ўсьміхаліся — дзівячыся — чырвоным літарам:

— Ого! Да чаго дадумаліся.

— Хочаш ня хочаш, а зойдзеш.

— Самі ногі ідуць!

Нібы перапёламі паплавы заплясканы: паўнютка народу. Тут і комсамольцы, і партыйцы, і вучні з настаўніцтвам, з пагранатраду чырвонаармейцы прыехалі.

— Бра-а-атцы! Глядзеце!

— Што там?

Вучні паўзлазілі на лаўкі, каб убачыць тое, што робіцца ля дзьвярэй. — А там — ля дзьвярэй — аж расступіліся ад зьдзіўленьня: чырвоны, нібы певеневы грабень, блытаючыся ў даўгой сваёй апранасе, цяжка сопучы дый хаваючы позіркі ў рыжай барадзе — прышоў поп. Ён, як убачыў хлапчукоў-вучняў, наважыўся праслухаць традыцыйнае —

«Поп прышоў, чорт з табой! —

але замест гэтага яго стрэла навала гучнага рогату.

— Прышоў свайго падбрэхіча ратаваць.

— Ня клюне мянтуз, хай не спадзяецца!

— Дзіва што!

Роўна а восьмай гадзіне, калі нардомаўская заля добра такі ўспацела ад сапеньня, рогату і гаманы людзей, на стале, што стаяў пасярэдзіне сцэны, кувырнуўся — раз, два — мядзяны званочак.

— Сёмка — штурхнуў пад бок таварыша, — званок на нітку начэплены, ці што?

— Ніткі-ж ня відаць. Ціка-а-ава…

Перад сцэнай вырас начальнік — (сам начальнік не адмовіўся ўзяць удзел у судзе) — міліцыі і голасна сказаў:

— Прашу ўстаць, суд ідзе!