папяросы, на падлозе ў залі прымайстраваўся Курыловіч — маляваў вялізарны плякат:
СУД НАД АНТЫСЭМІТАМ КРАНЦЭВІЧАМ
Длугач падганяў:
— Братка Васіль, хутчэй, родненькі, хутчэй варушыся. Яшчэ-ж пяць лёзунгаў трэба зьляпіць.
Але Курыловіч спакойна ляпаў на паперу фарбу, размазваў яе і, напэўна, перажываў наплыў натхненьня.
— Пашлі ў школу, там хоць са два зробяць.
Жэня ішла паўз нардом. Учула галасы праз расчыненае вакно, захацелася забегчы хоць на хвілінку, але стрымалася, гадзіньнік паказваў палову чацьвертай — трэба было ісьці ў
арцель, раздаць работу.
Жэня загадвала кравецкай майстэрняй. У Жэні ёсьць два клопаты — сваіх дзяўчат у комсамол уцягнуць і — другі клопат, гаспадарчы — мэханізаваць арцель.
Другая зьмена зьбіраецца: стукаюць зінгеры, з-пад голкі бягуць сьцяжок за сьцяжком, сьпяшаюцца работу канчаць работніцы, сьпешцы сваёй, каб латвей было, падпяваюць.
Жалезны мэтр спрытна адмервае палатно — столка за столкай.
— Бярыце матэрыял, дзяўчаты, — кажа адным Жэня.
— Слухайце, хто выходныя заўтра, не забудзьце-ж ў нардом на суд прыйсьці, — гэта другім.
Плян у Жэні такі: —
Адну, другую, трэцюю сьцяну раскідаць, зрабіць прасторную залю з гэтых пакойчыкаў; стол даўжэзны ад сьцяны да сьцяны паставіць — у шэраг — па абодвы бакі стала — пасадзіць работніц.
Гэта толькі дэталь зьмены. Хіба разгонішся на зінгерах рознага веку, што зьнесены ў арцель работніцамі — як пай? Хіба доўга будзеш круціць нагой калёса? — круціш, круціш, дый, як бачыш, прыстанеш. Конвэер пойдзе па доўгім стале — паплыве па ім вопратка, прыпыняючыся ля кожнай зработніц: работніца сваю работу робіць — што-небудзь адно, — падзел працы. Электрычнасьцю будуць шыць. Так,