— пайшлі яны — вятры — з поўначы, крануўшы струны ракі, азвалася рака тысячамі домр, а алешыны, а таполі, а кляны пусьціліся ў скокі;
— поэты — упіўшыся знайшлі патрэбным у адзін голас заявіць сьвету, што ў іхніх душах — туман, дужа сівы (— барані, божа!), што містычная поэзія якраз найлепшым
чынам адпавядае эпохальным вібрацыям іхных геніяльных душ, і ўзьнялі свой баявы (на выпадак конфліктаў ва ўстановах з шыльдамі аб «моцных трунках») сьцяг, а на ім — на баявым сьцягу — быў вобраз чалавекападобнай малпы — (нешта сярэдняе паміж пітэкантропусам і красуняй, у якой праваліўся ад сіфілісу нос) — быў вобраз «Праксэды», і —
— а тымчасам: паўзьлі на горад атакай чырвоныя абозы — легіёны жыта, пшаніцы, аўса, бульбы; комсамол распачынаў культпаход, моладзь заставалася на вечарынках пасьля сходаў — скакала пад двохрадны; хавалі пад шопэнаўскі марш забітага актывіста-селькора, і —
— і так званыя поэты часінамі, калі асядала муць, складалі Праксэдзе гімны: «У маіх маленьнях адзіная ты»…
— і хлебныя легіёны, комсамольцы, гарманіст, музыкі, што гралі Шопэна, чакалі новай, непрасьпяванай яшчэ песьні-гімну аб вякох ваяцкіх, вякох-валатох…
— — пра гэта сьведчыла ўсё: — —
— — восень памірала à la Марыя Антуанэтта.
Але…
У Стаходзе зіму сустракалі дакладна прапрацаваным плянам работы нардому, падрыхтоўкай да комсамольскай вучобы, паходам за культурны рост местачковае працоўнае моладзі, за інтэрнацыянальнае выхаваньне. Апошняе — асноўнае ў гэтую зіму. У пляне вызначаны даклад, дыспуты,
вечары. Самайловіч настойваў:
— Хлопцы! Калі дыспут закацім, дык абавязкова на нашым… ну, на местачковым матэрыяле. Каб біла ў самы пуп.
— Інакш і не зацікавім, а трэба, каб беспартыйныя былі, — згаджаліся ўсе.
А покуль разважалі Самайловіч, Андрыенка і выкладчыца грамадазнаўства ў сямігодцы аб дыспуце, пакурваючы