быў чыстым. Не, не, я ведаю, я не памыляюся, ня люблю яго…
— Не падыходзь так да людзей, Патапенка, цяпер-жа ў нас не ваенны комунізм, што мы ў апорках мусім хадзіць. Якраз гэта не загана.
Сказаў Анатоль і зірнуў неспадзеўкі на свае боты: забыўся пачысьціць, густа ляжаў на іх пыл.
— Яно так, дык так, — мякка сказаў Патапенка. — Але вось ня люблю я яго, што хочаш рабі…
— Калі ўсе партыйцы заняты, паслаць няма каго — настойваў Шастакоў, — дык справа ясная — мы павінны дапамагчы. Ведаеш што? Няхай Длугач едзе разам са мной. Я ячэйкі наведаю, па сваёй лініі рабіць буду, адначасова-ж і яму дапамагу. Згодзен?
— Круціся ні круціся, а згадзіцца трэба. Асабістую антыпатыю ня возьмеш-жа за прынцып.
Шастакоў засьмяяўся.
— Так-бы вось і разважаў заўсёды.
Па дарозе дахаты зайшоў на ўсякі выпадак у РВК. У шырокім сьветлым калідоры — райвыканком зьмяшчаўся ў былым панскім палацы — было пуста. Падыходзячы да габінету старшыні, Анатоль пачуў за сьпіной дзявочы рогат. Ён абярнуўся.
— Добры дзень, Шастакоў, — колючы яго вачыма, павіталася Жэня. — Не заўважыў хіба?
Разам з ёю быў і Длугач. Анатоль успомніў словы Патапенкі, позірк мімаволі прыпыніўся на старанна наваксаваных Длугачовых шчыблетах, — Анатоль усьміхнуўся.
— Добра, што ты тут. Заўтра раніцою паедзем у Ціхвінскі сельсавет. Сход будзеш праводзіць. Ну, як жыцьцё маладое, Жэня?
— Ой, трымайце мяне за контрафалды! — зарагатала Жэня. — А як старое жыцьцё? Ці незарана ў старыя запісвацца, Шастакоў?
Анатоль паспробаваў быў нацягнуць на твар маску сурёзнасьці.