Анатоль пайшоў да Патапенкі.
Цьвіў твар мяккай усьмешкай, і гэтая ўсьмешка рабіла Патапенку дарослым дзіцянём: стваралася ўражаньне, што не ў паперах — за пісьмовым сталом — корпаецца Патапенка, а рукамі па лужыне плёскае русявы прыгажун, ці лепіць з жоўтага пяску бабкі.
— Ай, братка! — агрэў далоньню па ўласнай патыліцы Патапенка. — Ты ведаеш, дрэнная ў нас справа з паступленьнем падатку. Па Ціхвінскаму сельсавету, прыкладам, на сёнешні дзень траха да дзесяці процантаў даходзіць. І ў хвост і ў грыву крыў Жолуда, а рады нямашака. Чорт ведае, што рабіць!
Ён зьвёў бровы — шырокія ды густыя бровы, не, ня ўмее сакратар парткому рабіць твар строгім. Бровы былі зьведзенымі, на ілбе італьянскім алаўком намаляваны зморшчыны (— пад войстрым кутом сяклі яны бровы), а губы тапырыліся ўсьмешкай.
— Пайшлі ў Ціхвінічы Самайловіча, я яго праінструктую, — прапанаваў Анатоль.
Патапенка махнуў рукой.
маў.
— Яго ўжо фінчастка ў Ніўкі выправіла. Я аб гэтым думаў.
Шастакоў узяў са стала дырэктыўны ліст, прабег яго вечыма: за звычайнымі радкамі (друкавалі пад сьвежую капірку, літары пасталі густымі плямкамі) была трывога — націснуць на фронт сельгаспадатку.
— Выправім Длугача, Патапенка. Ён справіцца.
Патапенка войстра зірнуў на Шастакова.
— Не, не, — засьпяшаўся ён. — Длугача ня трэба, нешта ў ім ёсьць гэткае… фацэтнае.
— Табе гэта здаецца.
Але Патапенка, расьсякаючы паветра рубам далоні, шпарка сыпаў далей:
— Ня люблю я яго, і цябе хацеў папярэдзіць… Ты нешта з ім шмат гаворыш, нагружаеш работай… — Сьцішыўся. Узяў Шастакова за руку. — Ня ў той бок, Шастакоў, глядзіць хлапец. У галаве адно, каб толькі шчыблеты блішчэлі, каўнерык