Анатоль тымчасам рыхтаваўся да сходу. Гэты сход павінен быў вырашыць багата пытаньняў: ад яго залежыла праца ячэйкі, а галоўнае — рост яе.
— Ведаеш, Патапенка, яшчэ сам не ўяўляю, як павесьці сход, — казаў Анатоль. — Адно толькі ведаю, што ад сходу трэба ўзяць усё, што можна, зрушыць справу з мёртвай кропкі трэба.
— Як павесьці, будзе відно. Абы ўпэўненасьць у патрэбе гэтага сходу.
Адзін за адным сыходзіліся ў нардом. Андрыенка перапыняў кожнага прыйшоўшага ля дзьвярэй, цягнуў да стала, соваў у рукі аловак і — падштырхваючы — казаў:
— Зарэгіструйся, братка. Прозьвішча і імя, дзе працуеш.
— А як па бацьку?
— Бацьку з маткай можаш сабе пакінуць. Гэтага ня трэба.
Прышоў Мікола Длугач. Ён быў у чорным гарнітуры, у белай кашулі з мяккім каўнерыкам, нядбайна выпушчаным напаверх. Гэты белы каўнерык надаваў усёй постаці Длугача нейкі асаблівы выгляд: буйны — рымскіх абрысаў — нос,
тонкія, нібы жаночыя, губы, бязладзьдзе расчэсаных угару русых валасоў, — усё гэта было неяк падпарадкавана беламу мяккаму каўнерыку, нядбайна выпушчанаму напаверх. Прышоў Мікола Длугач не адзін. Разам з ім прышоў сьмех, прышлі галасы чатырох дзяўчат. З іхным прыходам абстаноўка неяк ураз зьмянілася: зрабілася весела, цесна, шумна.
— Длугач, цябе Шастакоў кліча.
— Дзе ён?
— У чытальні. Ідзі хутчэй.
Адчыніў дзьверы. Чытальня была пустой. Ля вакна, сьпіной да яго, стаяў новы сакратар райкому, пра якога Мікола чуў шмат, але якога яшчэ не пасьпеў убачыць.
— Добры дзень.
— Анатоль павярнуўся, працягнуў руку.
— Я бачыў праз вакно, як ты ішоў з дзяўчатамі. Мяне гэта дужа зацікавіла.