Быў сорам перад рыжым Ромкам — дзяжурным па комуне, а разам з сорамам войстра паўставаў боль, накіпам пеніўся ён.
— Ромка, — схапіў за руку Анатоль. — Слова даю… Чуеш? Толькі не кажы гэтага нікому заўтра… Гэтага ніколі ня было, ты-ж ведаеш мяне з першага дня комуны… Ведаеш,
яна стаяла адна, ёй было холадна… ну, вось… жаласьлівым голасам папрасіла адвесьці дахаты… я нават рагатаў… Чуеш, Ромка, слова даю…
У канцы калідору вырасьлі бомы гадзіньніка, вырасьлі і рассыпаліся гулкім пошчакам пад каменнаю стольлю калідору.
— Ідзі спаць… Толькі цішэй, не пабудзі хлапцоў… Сам будзеш вінен, калі даведаюцца, — адказаў Ромка.
… Анатоль швыргануў кніжку Раманава. Нават пры ўспамінах нешта драпанула па целе — войстрае, дужа няпрыемнае. Як здарыўся гэты выпадак — прышлося шмат працаваць над сабою, каб вытруіць тое благое, што яшчэ засталося ад блуканьня бяспрытульным, у «сламе» са злодзеямі, налётчыкамі, марафетчыкамі, і ён — Анатоль — у гэтай барацьбе са сваім уласным я выперадзіў шмат каго з іншых насельнікаў комуны.
Ён адчыніў вакно.
Лёгкай прахладай павявала ноч. Недзе за мястэчкам — ля ракі — сьпявалі зашмальцаваную, нібы хвастач, патрапаную, нібы саракагадовая жанчына, песьню:
Сьляці к нам, ціхі вечар, |
5
Гэта быў першы сход пасьля доўгага перапынку. Яшчэ за дзень да сходу былі выклеены абвесткі, у якіх асабліва падкрэсьлівалася, што гэты сход адчынены для ўсіх, што на гэты сход запрашаецца беспартыйная моладзь. Так ніколі не рабілі ў Стаходзе. Але актывісты — Самайловіч, Андрыенка, Длугач — не протэставалі, не супярэчылі новаму сакратару:
— Хлапец свой. Ведае, што робіць.