Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

патрэбнымі над натоўпам быў транспарант, што сьвідраваў розум, пачуцьці мацней за словы тысяч прамоўцаў: труна за труной, дваццаць чатыры.

Брацкую магілу даўгую і глыбокую вырылі ў гарадзкім садзе. Як пахавалі, насыпалі ўзгорак жоўтага пяску: на ім — на пяску — засыхалі на сонцы вянкі — кляновае, альховае вецьце. А над магілай — у галовах — укапалі калочкі з дашкой:

ВЕЧНАЯ ПАМЯТЬ БОЕВЫМ ОРЛАМ

І далей ішоў сьпіс — дваццаць чатыры прозьвішчы пахаваных.

— Пойдзем на пляц, — прапанаваў Рубан. — Там нейкія хаўтуры вялізарныя.

Пакуль прыйшлі яны на пляц, ён апусьцеў, людзі разыйшліся рабіць свае справы — жыць напружаным жыцьцём рэволюцыйных будняў.

Яны прайшлі ў сад — да магілы, прыпыніліся… Раптам халодным пот выступіў на Толікавым твары. Упяўшы позірк у дошку, ён застыў — ураз згорбіўшы свой хлапечы стан.

Ён прачытаў:

ЛЕВ ШОСТАКОВ — ПОМКОМБАТ

Сьлёзы — буйнымі кроплямі — пакаціліся па шчоках, заказыталі нос, губы.

Рубан і «Мармыль» моўчкі пазіралі на таварыша, — яны былі здэтанаванымі.

А вецер ішоў на горад з-за ракі, ён гнаў пясок у раку, вецер пералётаў праз плынкасьць рачную і — нэрвова церабіў афішы на парканак гораду, біўся акеніцамі, атрасаў з каштанаў лісьце ў гарадзкім садзе, атакоўваў людзей — пясок калоў вочы, хрусьцеў на зубах.

Людзі сьпяшаліся рабіць свае справы — жыць напружаным жыцьцём рэволюцыйных будняў.