Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

засьвяціў электрычнасьць, падбег да стала і ўбачыў разгорнутую тэлеграму на ім:

„пнкт грошы не патрэбны пнкт“

Сударгава скамячыў тэлеграму, сунуў у кішэню. Потым вышаў у габінет і пастукаў у сьцяну.

— Толя… Слухай, Толя! Ідзі там, адчыні, да нас звоняць.

І тады, як пайшоў адчыняць Анатоль дзьверы, мятнуўся ў ягоны пакой, выхапіў з паліцы кнігу і ў правал гэты сунуў папяровы пачок. Супакоіўся. Вышаў у калідор.

— Выбачайце, профэсар… Мне загадана зрабіць у вас вобыск… Вось дакуманты…

— Кккалі ласка, — захрасьлі ў горле словы, і Анатоль аж засьмяяўся ад гэткай бацькавай ветлівасьці.

— Пройдзем у габінет.

Вобыск адбываўся нядоўга. Старанна агледзеўшы бібліотэку, профэсару прапанавалі падпісаць протокол. Дрыжучы ўсім целам, профэсар узяўся за асадку.

— Кнігі, таварыш… ну, вы разумееце? гэта для навуковай работы… У мяне дазвол ёсьць.

— Не, не, — ветліва засьпяшаўся той. — Кнігі мы вам, профэсар, пакідаем… Яны нам непатрэбны. А там, за сьцяной, жывеце вы? — Вачыма нацэліўся ў Анатоля. — Ну, бывайце, спакойнага сну.

У цёмным габінэце чакаў Іларыён Даменікавіч на сына. І не памыліўся. Анатоль прышоў і моўчкі стаяў у дзьвярох, нібы чакаючы ад бацькі тлумачэньняў, нібы ведаў загадзя, што бацька хоча нешта сказаць.

— Гэта непаразуменьне, Толя… Проста непаразуменьне…

— А тэлеграма, татусь?

Профэсар машынальна захіснуў халат і зрабіў колькі крокаў па габінэце.

— Тэлеграма? Гэта глупства… Грошы…

— Каму гэта вы грошы павінны былі? Дзіўная штука!

Профэсар засьмяяўся. А ўсьлед за гэтым — закашляўся надламаным кашлем.