Перайсці да зместу

Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/274

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЦАРКВА ДОБРАВЕШЧАННЯ Ў СУПРАСЬЛІ.

з магутнымі нэрвюрамі, перакінутым на вышыні асноўных муроў будынку, г. зн. нават ніжэй за падпорныя аркі цэтральнае часткі. Яшчэ далей, нарэшце, альтар, які аддзелены асобным мурам з пралётам, ужо зусім нізкі, ня вышэй за прытвор, бо аналёгічна апошняму ён таксама падзелены на два паверхі, з баявым памяшканьнем у горнім. Такім чынам, уся нутраная прастора будынку разьбіта ў перакроі на шэраг паасобных памяшканьняў рознае вышыні, кожнае з якіх досыць рэзка адасоблена ад суседніх. Суцэльнасьць готыцкага будынку тут ужо зусім страчана, хаця ў асобных частках ужыты складаныя і добра распрацаваныя готыцкія конструкцыі, што можа лічыцца за вельмі характэрную рысу ў гэтым позьнім узоры беларускае готыкі. Мы бачым тут, бязумоўна, вынік нейкага надзвычайна цікавага і сваеадменнага стылістычнага процэсу, у пасьлядоўным разгортваньні якога ад віленскага Бэрнардынскага касьцёлу і яму падобных будынкаў да Супрасьлеўскае царквы — чыстыя готыцкія формы паступова страцілі сваё асноўнае значэньне, зрабіўшыся толькі адным з элемэнтаў ужо зусім новага архітэктурнага організму, амаль што цалкам самастойнага і ў сваёй агульнай концэпцыі і ў сваім стылістычным абліччы.

Наколькі, аднак, і гэты новы організм усё-ж быў сьцісла зьвязаны з усёй папярэдняй традыцыяй, якая выходзіла з цытадэльнае архітэктуры і апрацоўвала ў Беларусі пэўны тып абароннае царквы, — сьведчыць тое, што нават ствараючы часткова зусім адменныя формы, Супрасьлеўская царква ў той самы час цалком захавала свой асноўны характар добра ўмацаванай цытадэльнай будовы, дзе нават дэталі, узятыя з зусім незалежных ад цытадэльнага будаўніцтва драўляных узораў, ня толькі былі органічна зьліты з агульнай конструкцыяй, але ў некаторых мясцох і беспасрэдна скарыстаны для традыцыйных у будынках данага тыпу абаронных мэт, не парушаючы, пры гэтым, ані суцэльнасьці стылю, ані гармонічнай закончанасьці ўсяе композыцыі. У гэтым сэнсе Супрасьлеўская царква, бясспрэчна, займае найболей выдатнае месца ў шэрагу тых беларускіх чатырохвежавых будынкаў, дзе сваеадменны архітэктурны стыль, які мы вызначаем тэрмінам “беларуская готыка”, знайшоў найболей поўнае сваё выяўленьне. Зьяўляючыся адным з апошніх помнікаў гэтага стылю, будынак у Супрасьлі асабліва падкрэсьлівае яго органічнае разьвіцьцё ў беларускім будаўніцтве XVI сталецьця, і ўвесь тыповы яго сынтэтычны характар, пагрунтаваны на органічным ператварэньні і спалучэньні ўсіх папярэдніх яму архітэктурыых асноў. На прыкладзе Супрасьлеўскае царквы мы наогул лепш за ўсё можам убачыць, з якіх элемэнтаў вырас, нарэшце, гэты як-быццам зусім новы стыль, найболей орыгінальны і самастойны ва ўсёй беларускай архітэктуры. Бізантыцкая схэма пляну, готыцкая цытадэльная конструкцыя, дэ-