Перайсці да зместу

Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/273

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

жы, — нібыта разрывае тут звычайную аднастайнасьць готыцкага перакрыцьця і нечакана выносіць усю сярэднюю частку будынку да гары, у формах блізка падобных да перакрыцьця драўляных шатровых цэркваў. Такім чынам, тут яшчэ раз мы сустракаем прыёмы, бясспрэчна набліжаныя да прыёмаў драўлянага будаўніцтва, — але ўжо ў найболей істотных частках конструкцыі, дзе ўжываньне такіх прыёмаў патрабавала спэцыяльнага прыстасаваньня некаторых чыста-конструкцыйных дэталяй нутранога ладу будынку, і мела вынікам грунтоўную зьмену пропорцый у расчляненьні нутраное прасторы царквы. Запраўды, для таго, каб стрымаць высокі і важкі васьмярык вежы, тут зьявілася патрэба ў асобнай сыстэме абапорных прылад. З заходняга боку ён быў абапёрты ў нутраны мур, якім цэнтральная частка будынку аддзелена ад прытвору і хораў, і які быццам вырас з патоўшчаньня і ўзмацненьня звычайнай пары заходніх слупоў. З супроцьлеглага боку абапорай зьявіліся ўсходнія слупы, якія трымаюць на сабе тры магутныя падпорныя аркі ў форме востракулаў, перакінутыя паміж гэтых слупоў, а таксама ад іх да заходняга муру. Тым часам, іншыя часткі будынку атрымалі готыцкія скляпеньні розных форм, што асабліва выдзеліла якраз цэнтральную частку з яе васьмярыком, але разьбіла суцэльнасьць нутранога перакрыцьця, а разам з тым і агульнай прасторы.

Вытрыманы ў пляне падзел будынку на тры ўздоўжныя нэфы застаўся тут толькі ўмоўнай схэмай і не атрымаў запраўднага выяўленьня ў нутраной прасторы. Болей высокая цэнтральная частка замкнулася ў сабе як паасобная адзінка, набыўшы пераважнае значэньне самага галоўнага памяшканьня ў царкве. У той самы час прылеглыя да яе іншыя часткі будынку аформіліся зусім ад яе адасобнена. З заходняга боку, з дапамогай нутранога муру з пралётамі, ад яе аддзелена вялікае падзеленае на два паверхі памяшканьне, дзе знаходзяцца хоры і прытвор. Памяшканьне гэтае мае зусім самастойны характар і ў прасторавым сэнсе з іншымі часткамі будынку ня зьвязана; абодва паверхі яго маюць, зразумела, розныя перакрыцьці — тры складаныя крышталёвыя скляпеньні ў прытворы і тры крыжовыя скляпеньні над хорамі. Пры ўваходзе ў будынак першае месца займае, такім чынам, досыць нізкі прытвор, пераход ад якога да высокай цэнтральнай часткі здаецца асабліва рэзкім. Цэнтральная частка адразу за ім стварае асабліва моцнае ўражаньне свабоднага імкненьня ў вышыню ў лёгкім уздыме падпорных арак і асяродкавага васьмісьценьніка з кумпальным скляпеньнем. Аднак, за падпорнымі аркамі прылеглыя да яе часткі будынку ізноў паніжаюцца; з бакоў застаюцца вузкія памяшканьні, пакрытыя крыжовымі скляпеньнямі; з усходняга боку амаль што квадратовая прастора пакрыта крыху важкаватым зорчатым скляпеньнем