БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.
раньня-готыцкіх апсід, да чаго, часткова, дапасавана таксама і надпорная яе дэкорацыя. Такім чынам, у параўнаньні да Сынкавіцкае царквы Мала-Мажэйкаўскі будынак, нават у пляне, як-быццам робіць яшчэ адзін крок у бок готыкі, хоць праўда і досыць сваеадменнай, што наагул уласьціва беларускім чатырохвежавым цэрквам. Пасіленьне готыцкіх элемэнтаў у Мала-Мажэйкаўскай царкве таксама выразна выяўлена і ў яе нутраной конструкцыі. Увесь будынак пакрыты з дапамогай вельмі складаных зорчатых скляпеньняў з рэзка профіляванымі нэрвюрамі, якія ў некаторых мясцох пераходзяць у г. зв. крышталёвыя скляпеньні, дзе нэрвюрны касьцяк ужо зьліваецца з распалубкамі перакрыцьця. Нэрвюры густымі пучкамі зыходзяцца да цэнтральных слупоў, а з супроцьлеглага боку абапіраюцца аб кронштэйны ў мурох, ня маючы з надворнага боку ніякіх спэцыяльных абапорных прылад. Уся гэтая сыстэма ў параўнаньні да Сынкавіцкае царквы з яе звычайнымі крыжовымі скляпеньнямі зьяўляецца значна болей разьвітай і выяўляе значна большае ўдасканаленьне ў прыёмах готыцкага будаўніцтва, разам з шырокім разуменьнем багатых дэкорацыйных магчымасьцяй позьня-готыцкіх конструкцый.
Пераходзячы да надворнага выгляду Мала-Мажэйкаўскае царквы, трэба перш за ўсё мець на ўвазе тыя зьмены, якія былі ў яго ўнесены пазьнейшымі пераробкамі. За доўгі час свайго існаваньня будынак царквы быў досыць моцна разбураны, так што, нават, у пачатку XIX сталецьця, як сьведчыць візыта ад 1804 г., царкве пагражала канчатковае зачыненьне. Апошняе, аднак, не адбылося, і з 1811 году пачалося паступовае аднаўленьне будынку, якое скончылася грунтоўным рэмонтам у 1871–72 г.г. Пры гэтых рэпарацыйных працах вельмі мала лічыліся з архэолёгічнай каштоўнасьцю помніку, і вельмі мала дбалі аб захаваньні яго першапачатковага выгляду, так што некаторыя часткі яго падлеглі досыць грунтоўным пераробкам. Папершае, да царквы быў прыбудаваны прытвор, які засланіў ранейшыя ўваходныя дзьверы і значна зьмяніў усё агульнае аблічча заходняга фасаду. Падругое, абедзьве заходнія вежы былі надбудаваны ў вышыню, прычым адна з іх была перароблена на званіцу. Патрэцяе, нарэшце, першапачаткова незатынкаваныя часткі фасадаў былі пакрыты пластамі тынку і афарбаваны, што зусім зьнішчыла ранейшы характар іх дэкорацыі, пагрунтаванай калісьці, таксама як і ў Сынкавіцкай царкве, на эфэктоўным контрасьце цёмна-чырвоных цагляных муроў і белых плям тынку ў дэкорацыйных нішах.
Адкідаючы ўсе гэтыя пераробкі, мы, аднак, досыць лёгка можам мець уяўленьне адносна першапачатковага аблічча будынку, якое, апроч некаторых дэталяй, было досыць блізка падоб-