Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зямлі родненькай, знаць, няма у вас,
Ні углачка, ні прытулачку...
Лятучы, сьлязой зямлю росіце,
А шумяць лісткі, зелянее лес;
Ўміраючы, жыцьцë носіце;
Ўсяму жыцьцё, сабе толькі крэс.

У вобразна-алегорычнай форме тут выражана глыбокая па сутнасьці думка: як хмаркі, праліваючыся дажджом і самі зьнікаючы, даюць жыцьцё зямлі, гэтак і беларускі народ у процэсе сваёй дзнацыяналізацыі ўзмацняе іншыя організмы: досыць успомніць тут Адама Міцкевіча, Сыракомлю, Дастаеўскага, Глінку ды інш. Гэтыя выдатныя гэніі, беларусы па пахаджэньні, аддалі свае сілы іншым культурам.

Гэткім чынам, у творах Багушэвіча, прасякнутых нацыянальным пафосам, можна выкрыць наступныя элемэнты - разумовыя і эмоцыянальныя:

a) ідэю нацыянальнага адраджэньня Беларусі, якая грунтуецца на гістарычным, этнографічным і псыхолёгічным довадах;

б) замілаваньне да роднага краю;

в) засмучэньне над нацыянальным сконам беларусаў;

г) абурэньне супраць рэнэгацтва;

д) романтыку мінулага.

Ідэолёгія Багушэвіча па нацыянальным пытаньні становіць сабой паважны момант у разьвіцьці беларускай грамадзкай думкі. Гэта ідэолёгія акрэсьлівае сабой галоўныя мотывы творчасьці новага беларускага пісьменства. Наступныя беларускія песьняры будуць пашыраць і паглыбляць тэмы, даныя ужо ў творчасьці Багушэвіча.

Вынікае пытаньне, дзе-ж крыніцы думак гэтага піонера беларускага нацыянальнага руху, як сьпелі і пад якімі ўплывамі разьвіваліся ідэалы нашага поэты.

Грунтоўная падстава ідэолёгіі Багушэвіча - гэта, бязумоўна, соцыяльныя варункі яго эпохі. 2-ая палова мінулага сталецьця, на якую прыпадае чыннасьць Багушэвіча, гэта пара ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі і разьвіцьця ў нас прамысловага капіталізму. З гэтым экономічным фактарам зьвязаны нацыянальны рух на Беларусі, як і наогул усякі нацыянальны рух. "Ва ўсім сьвеце, - кажа Ленін, - эпоха канчатковай