Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мы наўмысьля абмяжоўваемся толькі зазначэньнем найбольш характарных прыёмаў, якія выяўляюць творчую постаць таго ці іншага аўтара.

Першае пытаньне, што паўстае ў сувязі з пастаўленай намі задачай даць агульную характарыстыку літаратурнага процэсу на Беларусі—гэта пытаньне аб падзеле гісторыі беларускай літаратуры на пэрыоды. Вядома, што проблема пэрыодызацыі зьяўляецца досыць складанай. Існуюць розныя прынцыпы падзелу гісторыі літаратуры на пэрыоды. Назіраецца, напрыклад, так званы мяшаны тып пэрыодызацыі: у аснову падзелу кладуцца розныя факты і гістарычна-культурнага і мастацкага парадку. Але паколькі пры данай сыстэме адсутнічае адзінае fundamentum divisionis, яна супярэчыць элемэнтарным патрабаваньням лёгікі і асаблівае ўвагі не заслугоўвае. Больш цікавымі зьяўляюцца чыстыя тыпы пэрыодызацыі; яны будуюцца на розных прынцыпах. Адным з такіх прынцыпаў зьяўляецца прынцып аналістычны, ці хронолёгічны. Паводле гэтага прынцыпу, у аснову падзелу кладуцца пэўныя хронолёгічныя адрэзкі (сталецьці, дзесяцілецьці ды інш.). На такім прынцыпе будуюць свае агульныя курсы гісторыі літаратуры ў нямецкай навуцы Рыхард Мэйер, у расійскай Энгельгард ды інш. Недахватам гэтага прынцыпу зьяўляецца поўная ўмоўнасьць падзелу.

Другім прынцыпам пэрыодызацыі ёсьць гетэрогенны прынцып, паводле якога ў аснову падзелу літаратурнага матэрыялу кладуцца фактары культурна-гістарычнага і соцыяльна-экономічнага парадку. На такім прынцыпе будуюць свае працы Венгеров, Коган, Фрыче ды інш. Гетэрогенны прынцып выклікае абвяржэньні. Зазначаюць, што пры такім прынцыпе не абхапляюцца спэцыфічныя адзнакі літаратуры, як мастацкай творчасьці. Зараз, як вядома, усё больш і больш узмацняецца формальна-мастацкі мэтод літаратурных досьледаў. Паралельна з гэтым высоўваецца аўтогенны прынцып пэрыодызацыі: у аснову падзелу кладуцца адзнакі літаратуры як такой, адзнакі літаратурных форм і зьместу. Трэба сказаць, што аўтогенны прынцып усё больш і больш пашыраецца ў заходня-эўропэйскай навуцы. Можна паказаць, напрыклад, на працу Робэрта Рымана: Des neunzehne Jahr